Прэмія Быкава – у Марачкіна і Вайцюшкевіча

Прэмія Быкава – у Марачкіна і Вайцюшкевіча


Прэміі "За свабоду думкі" ад Руху "За свабоду" ўручаны ў гэтым годзе мастаку Алесю Марачкіну і спеваку Зміцеру Вайцюшкевічу. Яны былі выбраны адмысловым журы, якое складаецца з лаўрэатаў прэміі мінулых гадоў. Цырымонія па традыцыі адбылася на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласці.

Лідар Руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч асабіста ўручыў узнагароды лаўрэатам.

- Ім уручаны статуэткі прэміі “За свабоду думкі” і таксама ўручаны дыпломы. Адбыўся добры канцэрт. Акрамя таго мы многа гаварылі пра Васіля Быкава, таму што гэта дзень народзінаў вялікага беларуса, вялікага чалавека і пісьменніка. Была ягоная сястра Валянціна. З’ездзілі на могілкі да бацькоў Васіля Уладзіміравіча. Увогуле імпрэза вельмі ўдалая, таму што атмасфера цёплая і людзі выдатныя і, мне здаецца, дадае аптымізму.

Прадстаўнікі мясцовых уладаў прысутнічалі на імпрэзе, але перашкодаў не чынілі. Мерапрыемства было санкцыяваным па заяўцы Віцебскага абласнога Таварыства беларускай мовы.

Упершыню гэтая прэмія была ўручана ў 2008 годзе паэту Рыгору Барадуліну, пісьменніку Уладзіміру Арлову і палітыку і публіцысту Паўлу Севярынцу.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя