|
|
Алесь Краўцэвіч прадставіў гарадзенцам “Гісторыю ВКЛ”
У гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” прайшла першая ў Беларусі прэзентацыя манаграфіі гісторыка Алеся Краўцэвіча. Добрая реклама кніжкі “Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага” зацікавіла сотні людзей яшчэ да з’яўлення выдання на рынку.
Гісторыя вучыць, што сярэднявечча ў плане пераемнасці ўлады і дзяржаўных інтарэсаў, было куды больш прадказальным за сучасную Гародню, кажа Алесь Краўцэвіч.
- Прыходзілі новыя гаспадары, вялікія князі, якія працягвалі гэтыя задачы вырашаць. У нас, напрыклад, у Гародні, ні ў культурніцкай палітыцы, ні ў ідэалагічнай палітыцы, пераемнасці няма. Таму што, няма выбараў, няма барацьбы кандыдатаў, няма іх праграмаў, няма дэкларацый, што вось я, як старшыня гарвыканкама, зраблю тое, тое, тое. Не. Яны як грыбы пасля дажджу з’яўляюцца, назначаныя з цэнтру, і затым як грыбы, спарахнелыя, знікаюць. Гэта, канешне, адступленне ў гістарычнае мінулае яшчэ далей, чым у сярэднявечча.
На прэзентацыі, якую арганізаваў “Гарадзенскі еўрапейскі клюб”, была выстаўлена інсталяцыя макета збройнага рыцара і рэканструяваная харугва, пад якой ваяры ВКЛ ішлі на Грунвальд.
Кніга ўтрымлівае мапу і вялікую колькасць цытатаў з першакрыніц. Манаграфія выйшла ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”.