Прэзэнтацыя "Камунікату" ў Беларусі

Прэзэнтацыя "Камунікату" ў Беларусі


24 і 25 чэрвеня ў Віцебску й Полацку пройдуць прэзэнтацыі беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.

Што новага апошнім часам зьявілася на “Камунікаце”?

Я. Іванюк:
На сайце kamunikat.org безупынна зьяўляюцца новыя выданьні. Нешта новае зьяўляецца кожны дзень, каб прыцягваць новых чытачоў і ўтрымаць асоб, якія да нас заходзяць. Для гэтага трэба ўвесь час прапаноўваць нешта новае. Апошнім часам у нас зьяўляюцца кнігі ў фармаце для мабільных прыладаў, чыталак электронных кніг. На гэтым мы засяроджваемся апошнім часам. Акрамя гэтага, займаемся адлічбоўкай беларускай прэсы. У мінулым годзе зьявіліся архіўныя нумары газэт “Пагоня” й “Наша слова”. Сёлета мы працягваем займацца адлічбоўкай гэтых выданьняў. У плянах - часопіс “Крыніца”, перад намі газэта “Згода”.

Якімі крытэрыямі вы кіруецеся, калі шукаеце базу для сваёй бібліятэкі?


Я. Іванюк: У прынцыпе мы кіруемся вельмі простымі прынцыпамі. На сайце kamunikat.org усё, што на беларускай мове, ды ўсё, што пра Беларусь на іншых мовах. Калі казаць пра тое, як мы шукаем гэтыя кнігі, то гэта адбываецца па-рознаму. Часам нам самым даводзіцца зьвяртацца да людзей, каб дазволілі апублікаваць кнігу, асабліва калі кніга выходзіла даўно. Часам самыя аўтары зьвяртаюцца да нас. Дзякуючы нядаўнім прэзэнтацыям у Гомелі й Магілёве нам удалося ўсталяваць новыя кантакты. Так, у бібліятэцы неўзабаве знойдуцца творы старшыні Саюза беларускіх пісьменьнікаў у Гомелі Анатоля Бароўскага. Таксама зьвяртаюцца да нас аўтары з просьбаю выдаць кнігу ў электронным фармаце. Першай выйшла кніга Сяргея Астраўца “Райскія яблычкі”, а другая – Аляксандра Тамковіча “Неафіцыйна аб афіцыйных”.

Ці яшчэ плянуюцца прэзэнтацыі “Камуніката” ў Беларусі? Як яны выглядаюць?

Я. Іванюк:
Сёлета мы заплянавалі правядзеньне чатырох прэзэнтацый. Ужо зладзілі ў Гомелі й Магілёве. На наш погляд, сустрэчы закончыліся посьпехам. Прыйшлі людзі, на якіх нам залежыла. Прыйшлі людзі розных пакаленьняў, мясцовыя пісьменьнікі, інтэлектуалы. З намі быў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч Сачанка, бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч. Мы таксама паказалі фільм Андрэя Лянкевіча пра беларусаў у Польшчы. 24 і 25 чэрвеня заплянаваныя чарговыя прэзэнтацыі ў Полацку й Віцебску.

Дзякуем за размову.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё