|
|
Афлайнавае ток-шоу, арганізаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, адбылося 13 чэрвеня ў Гомелі пад назвай “Маркетынг культуры: як прасоўваць свой культурніцкі праект?”. Дыскусія была прысвечаная пытанням рэалізацыі культурніцкіх праектаў у горадзе над Сожам.
Пра рэаліі рэкламы ў культуры, патрабаванні публікі і тое, ці сапраўды беларусы абыякавыя да жыцця, у тым ліку да культурніцкага, у гэты дзень сабраліся паразмаўляць вядомыя музыкі і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі бізнес-структур і ўсе неабыякавыя да Гомеля людзі. Гэтае шоу зрабілася працягам мерапрыемстваў серыі “Культура паляпшае жыццё” — першае адбылося амаль паўгода таму і было прысвечанае агульнаму аналізу культурніцкага клімату ў Гомелі, а ў красавіку прайшоў “Кірмаш праектаў”.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” прысутных павітаў піяр-мэнэджар Алесь Плотка. Ён агучыў прынцыповую пазіцыю кампаніі ў пытанні сучасных мадэляў працы з культурай: “Мы лічым важным прасоўванне культурніцкага прадукту паводле прынцыпу рэкламнага, бо іначай у сучасным імклівым інфармацыйным патоку ён можа згубіцца і не дайсці да спажыўца”. Пасля экскурсу ў дзейнасць кампаніі ў рэгіёнах ён расказаў пра самыя свежыя і блізкія падзеі — конкурс праектаў, які ўжо адбыўся, візіты кампаніі ў іншыя гарады і рэалізаваную пасля “Кірмашу праектаў” акцыю “Палатно гісторыі ў стылі графіці” ў Магілёве. Затым нараджэнец Гомеля пажадаў прысутным плённага абмеркавання і станоўчых высноваў. А дыскусія ў гэты дзень выйшла і сапраўды спякотнай.
У ролі спікераў на сустрэчы выступілі вядомыя ў Гомелі людзі — Сяргей Шоман, арганізатар рок-канцэртаў беларускіх і замежных гуртоў, Алена Яцкая, мастак і арганізатар выставаў, ды Іван Маразько, арганізатар шэрагу кватэрнікаў з удзелам далёка не адных беларускіх гуртоў. Зала актыўна камунікавала з экспертамі і паміж сабою, што пазбавіла сустрэчу магчымага напружання і дазволіла ёй адбыцца ў добрай сяброўскай атмасферы.
Прысутныя абмеркавалі асноўныя сродкі анансавання праектаў ў Гомелі, іх выкарыстанне і карысць. Як паказвае досвед Сяргея Шомана і Івана Маразько, прамоўтары сёння не могуць разлічваць толькі на папяровыя афішы, аддаючы перавагу інтэрнэту і шукаючы інтэрактыўныя формы рэкламы для карыстальніка, які завалены інфармацыяй. Паводле меркаванняў спікераў, добра адгукаюцца на рэкламу вялікія згуртаванні субкультурных плыняў, такіх, як байкеры, стрытрэйсеры ці “Схватка”, але адзінай афішы, якая б сабрала ўсе падзеі гораду, дагэтуль няма, хаця яе стварэнне магло б сапраўды палепшыць жыццё ў горадзе. Добрым прыкладам была афіша рэсурсу Themag.by, але цяпер яе лёс, як і лёс усяго рэсурсу, у падвешаным стане, а пытанне застаецца актуальным.
Абмяркоўваліся і папулярныя стэрэатыпы “хто хоча, той даведаецца” і “няма сэнсу збірацца, каб проста пагаварыць і сысці”. Цягам сустрэчы была паказаная відэаапытанка людзей на вуліцах Гомеля, якая наглядна прадэманстравала, як мала ведаюць жыхары горада пра яго сапраўды разнастайнае культурнае жыццё. Прысутныя дамовіліся сустракацца часцей, каб не губляць з віду актуаліі роднага горада. А таксама часцей зазіраць адзін да аднаго на мерапрыемствы і ў суполкі “Вконтакте”.
Культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” не ставіць кропку ў рэгіянальных ток-шоу і абяцае іх працяг у іншых рэгіёнах краіны на тэмы, цікавыя і карысныя для мясцовых удзельнікаў. Як паказалі праведзеныя мерапрыемствы, толькі разам мы разумеем, якія праблемы ў нас ёсць, і толькі разам можам высветліць, як дзейсна іх вырашаць. Працяг будзе…
фота – Зарына Кандрацьева