|
|
Выйшаў першы ў 2013 годзе нумар "ARCHE". Тэма нумара – "Паліцаі і партызаны".
Пакуль выйшла невялікая частка накладу, каля паловы якой пойдзе на абавязковую рассылку. Рэшту можна замовіць ужо зараз. Асноўная частка накладу з'явіцца цягам некалькіх тыдняў. Кошт асобніка – 99 тыс. рублёў (з улікам дастаўкі). Нумар можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас dastauka@arche.by з пазнакай у полі "Тэма" "Паліцаі і партызаны". У лісце абавязкова пазначце свае прозьвішча і імя, а таксама дакладныя паштовы адрас і індэкс. Пазначце тэлефон.
Тэксты, уключаныя ў гэтае выданне, у большасці сваёй прысвечаныя якраз адлюстраванню розных бакоў вышэйадзначаных аспектаў гісторыі Беларусі пад нямецкай акупацыяй у 1941—1944 гг. Тут ёсць як публікацыі, прысвечаныя праблемам нацысцкага тэрору, здзяйснянага немцамі пры дапамозе сваіх прыхільнікаў з ліку мясцовага насельніцтва ў мэтах «канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання» ці пад шыльдай змагання з партызанскім рухам, так і тэксты, прысвечаныя зусім няпростым узаемаадносінам мясцовага насельніцтва з партызанамі, якія фармальна мусілі быць ягонымі абаронцамі, але на практыцы дзейнасць якіх нярэдка дадаткова ўскладняла і без таго няпростае мірных жыхароў. У той жа час варта адзначыць, што і адназначная дэманізацыя падпольнага ды партызанскага антыфашысцкага руху, якую ў апошні час можна сустрэць на старонках некаторых выданняў перадусім папулярнага характару, не можа быць апраўданай, паколькі рашэнне вельмі многіх людзей аб асабістым далучэнні да гэтага руху было выклікана перш за ўсё непрыманнем бязлітасных рэалій нямецкай акупацыйнай палітыкі. Пра гэта выразна сведчаць, напрыклад, упершыню без скарачэнняў апублікаваныя ў гэтым выданні прыватныя дзённікавыя запісы Кастуся Ярмілава — кіраўніка моладзевай антыфашысцкай групы, якая дзейнічала ў 1942 г. у мястэчку Калінкавічы. У роздумах гэтага юнака няма савецкай артадаксальнасці, затое ёсць шчырая занепакоенасць далейшым лёсам роднага краю.
З прадмовы да нумара