У Гародні праходзіць фэст праваслаўнай культуры “Кладзезь”

У Гародні праходзіць фэст праваслаўнай культуры “Кладзезь”


Фэст праваслаўнай культуры “Кладзезь” пачаўся ў Гародні. Праводзяць фэст мясцовая епархія і Свята-Елізавецінскі манастыр з Менска.

Святар Свята-Уладзімірскай царквы айцец Андрэй Яварэц не памятае, каб у Гародні на доўгі час у адным месцы былі сабраныя чатыры святыя рэліквіі.

Паводле словаў айца Андрэя Яварца, фэст і кірмаш ілюструюць сучаснае жыццё праваслаўных веруючых:

- Яны з’яўляюцца такой ветрынай праваслаўнага жыцця і праваслаўнай культуры. Мерапрыемства паказвае, што праваслаўе - гэта не толькі нейкія ўнутраныя формы царкоўнага жыцця, гэта перш за ўсё творчае жыццё, паэтычнае жыццё, у слове жыццё, у фарбах жыццё, у музыцы, у пошуках ісціны, якое можа выражацца ў розных культурных формах. Тое, што гэтыя формы ствараюцца, што ў Беларусі ёсць людзі, якія гэта ствараюць, сённяшняя наша выстава і кірмаш добрае гэтаму пацверджанне. 

У мультыкультурным, шматканфесійным горадзе, праваслаўная традыцыя знаходзіць водгук у гарадзенцаў. Каля абраза з мошчамі Святога Панцеляймона, які стаіць у адмысловай капліцы на Савецкай плошчы, збіраецца вялікая чарга.

Яшчэ тры часткі мошчаў апосталаў Пятра і Паўла, а таксама часткі мошчаў Марыі Магдалены падчас фэсту захоўваюцца ў Пакроўскім саборы. Штодзень каля гэтых хрысціянскіх рэліквій будуць адпраўляцца малебны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя