Вызначаны беларускія пераможцы конкурснай часткі “Басовішча-2013”

Вызначаны беларускія пераможцы конкурснай часткі “Басовішча-2013”


Арганізацыйны камітэт фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2013” абвясціў вынікі конкурсу для беларускіх калектываў. Журы некалькі дзён слухала і аналізавала аўдыё- і відэазапісы, дасланыя ўдзельнікамі конкурсу – пра вынікі гэтай працы расказвае Ілона Карпюк, адказная за кантакты з медыямі.

- Амаль 30 гуртоў падалі заяўкі ў конкурс. Але мы прадбачылі толькі адно месца для беларускага гурта, які сёлета выступіць на “Басовішчы”. Атрымалася так, што паводле ацэнак журы, якое складала 6 асобаў, як лаўрэаты конкурса на “Басовішча” трапяць два гурты – iLi-iLi і KilFil.

Фестываль “Басовішча” сёлета пройдзе 19-20 ліпеня ва ўрочышчы Барык каля Гарадка. Фестывальная праграма, акрамя галоўнай музычнай часткі, насычана шэрагам іншых імпрэзаў.

18-га ліпеня ў вёсцы Мастаўляны, месцы нараджэння Кастуся Каліноўскага, пройдзе паказ фільма 1927 года, прысвечанага нацыянальнаму герою Беларусі, у жывым музычным суправаджэнні. Поўную праграму фестывалю знойдзем у тым ліку на сайце нашага радыё.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя