Беласток зноў прымае фестываль сербскай культуры Vidovdan-2013

Беласток зноў прымае фестываль сербскай культуры Vidovdan-2013


Паказаць Сербію іншай, чым мы яе бачым у медыях, - такую мэту ставяць перад сабой арганізатары фестывалю сербскай культуры Vidovdan-2013, які пройдзе ў Беластоку з 26 па 29 чэрвеня. Гэта ўжо другі фестываль у сталіцы Падляшша – ідэя працягваецца, паколькі летась фестываль выклікаў вялікую зацікаўленасць беластачанаў да Сербіі і яе культуры, – кажа адзін з арганізатараў фестывалю айцец Міхал Чыквін.

- Усе гаварылі пра фестываль пазітыўна. Гэта паказала мне, як святару, што ёсць на тое бласлаўленне божае. А таксама ёсць зацікаўленасць людзей. Сёння маем інтэрнет і няма тых межаў. Праўда, там паказваюць тое, што камерцыйнае. Але гэта таксама сербская культура. Гэта канец гісторыі. А пачатак – гэта духоўнасць, гісторыя і ўсё тое, што Сербія прыносіць не толькі для сваёй нацыі, але і для цэлай Еўропы.

Арганізатары 2-га фестывалю сербскай культуры ў Беластоку Vidovdan-2013 робяць націск на канцэрты і кінапаказы. У "Кінафоруме" пройдуць паказы лепшых сербскіх фільмаў, якія, паводле арганізатараў, не заўсёды можна знайсці ў вольным доступе. На навуковую канферэнцыю ў рамках фестывалю прыедуць адмыслоўцы з іншых краінаў, у тым ліку з Беларусі. У Беластоцкім асяродку культуры пройдзе выстава “Колеры Праваслаўя - Сербія». І гэта толькі некаторыя імпрэзы 4-дзённага фестывалю сербскай культуры ў Беластоку. Дакладная інфармацыя - на афіцыйнай старонцы форума vidovdan.pl.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя