Культура дабрачыннасці. Тамара Бухцеева: “У Беларусі татальны дэфіцыт любові і ўвагі да бліжняга”


Культура дабрачыннасці ў нашай краіне праходзіць перыяд станаўлення: актыўна развіваюцца фонды і валанцёрскі рух, ахвяруюцца грошы… Але ці гатовыя нашы людзі бачыць інвалідаў ў грамадскіх месцах? Ці разумеем мы еўрапейцаў, якія ў свой адпачынак прыязджаюць у Беларусь працаваць валанцёрамі ў інтэрнатах для людзей з праблемамі развіцця? Якія каласальныя крокі зробленыя ў сферы дапамогі хворым людзям? Пра асаблівасці беларускай дабрачыннасці — чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыцце!”. Сёння гутарым з Тамарай Бухцеевай, старшынёй праўлення дабрачыннага фонду “Добра тут”.

— Аднойчы з групай валанцёраў з Ірландыі да нас прыехаў 56-гадовы мужчына-інвалід: ён кульгаў на адну нагу. Я ведаю, што ў яго ніколі не было ні сям’і, ні дзяцей, але ён захацеў адправіцца з намі ў дзіцячы інтэрнат. Прыехаў, падышоў да ляжачага дзіцяці і абняў яго. Ён спавіваў яго, цалаваў яму кожны пальчык, гладзіў ручку — проста сядзеў каля гэтага хворага дзіцяці і песціў яго. Усе санітаркі стаялі вакол, глядзелі і плакалі. А я думала: што ж ім рухае? Гэты мужчына сам інвалід, і ён прыязджае ў Беларусь да нашых хворых дзяцей, каб аддаць ім сваё чалавечае цяпло і клопат. Той выпадак мне на ўсё жыццё запомніўся.

— Як часта валанцёры з Еўропы і іншых краін прыязджаюць у Беларусь, каб дапамагаць нашым сіротам і інвалідам?


— Валанцёры прыязджаюць рэгулярна, прычым часцяком гэта не толькі студэнты, але і дарослыя паважаныя людзі — адвакаты, лекары, паліцыянты, юрысты, бізнесмены, настаўнікі, медыкі. Аднойчы прыязджала дырэктар шыкоўнай гасцініцы! У гэтых людзей адпачынак раз у год (21 дзень), і вось як яны плануюць яго: частку адпачынку праводзяць на моры або адпачываюць дзесьці як турысты, а на тыя дні, што засталіся, адпраўляюцца ў Беларусь працаваць валанцёрамі ў інтэрнатах. Першы раз звычайна прыязджаюць па якой-небудзь дабрачыннай праграме, а потым ужо пачынаюць ездзіць да нас рэгулярна, таму што прывыкаюць да сваіх падапечных і сумуюць па іх.

Прыязджаюць маладыя людзі (не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі) па 18-20 гадоў і спакойна даглядаюць ляжачых, мяняюць падгузкі хворым дзецям, прычым не маленькім дзеткам, а цяжка хворым ляжачым падлеткам, якім па 16-18 гадоў. Але гэтыя валанцёры не адчуваюць гідлівасці — з душой клапоцяцца пра дзяцей, цалуюць іх, абдымаюць, гуляюць з імі. Я, напрыклад, столькі гадоў прапрацаваўшы ў дабрачыннасці, усё роўна не магу прывыкнуць да такога — вось так проста ўзяць і памяняць памперс.

— Чаму ім трэба прыязджаць да нас і даглядаць нашых хворых людзей?

— Тысячу разоў я сама задавала сабе гэтае пытанне. Вось ёсць у іх такая патрэба — быць міласэрнымі, дапамагаць, клапаціцца. У большасці еўрапейцаў іншы ўзровень свядомасці. А беларускаму грамадству дагэтуль складана прымаць хворых людзей.

Я езджу ў тыя ж інтэрнаты з беларускімі студэнтамі, але многія з іх стаяць па сценках і баяцца, каб толькі гэты хворы не дакрануўся да іх. Вось розніца — у нас у краіне татальны дэфіцыт любові і ўвагі да бліжняга. Тут не так, як на захадзе, развітае пачуццё міласэрнасці і спагады да хворых людзей.

— Чаму так адбываецца?

— Я думаю, таму што ў нашым грамадстве занадта доўга не было “хворых і ўбогіх”. Дакладней, яны былі (да 1917-га года ў краіне актыўна дзейнічалі прытулкі), але потым здарылася рэвалюцыя, пераацэнка каштоўнасцяў, Савецкі саюз… І з тых часоў нам ўпарта тлумачылі, што ў нас усё добра, што мы будуем светлую будучыню, а хворых і ўбогіх літаральна ізалявалі ад грамадства: установы, дзе іх трымалі, былі зачыненыя, ніхто са старонніх не мог туды трапіць.

— І наша грамадства да гэтага часу не гатовае прымаць хворых людзей?

— Насамрэч, пакуль з гэтым вельмі цяжка: інвалідаў да гэтага часу лічаць людзьмі другога гатунку. У мяне самой хворы сын. Я ведаю, як грамадства ставіцца да такіх дзяцей. Выходзіш на вуліцу, і многія адразу звяртаюць увагу, адкрыта вытарэшчваюцца, а потым яшчэ вельмі доўга глядзяць табе ўслед, маўляў, што гэта за цуд? Мы былі, напрыклад, у Італіі, там на вуліцах на нас наогул ніхто не рэагаваў, маё дзіця магло спакойна падысці да паліцэйскага, памацаць яго за гальштук — яны ўсміхаюцца ў адказ і на хворае дзіця глядзяць як на здаровае.

Я не ведаю, як растлумачыць, чаму нашы людзі такія. Я стараюся не звяртаць увагі ні на каго. Калі іду па вуліцы са сваім дзіцем, то ўяўляю сябе ў вакууме, ні на каго не гляджу, іду сама ў сабе. Таму што тое, як асяроддзе ўспрымае нас (бацькоў з хворымі дзецьмі), вытрымаць проста немагчыма. Беларускае грамадства не гатовае бачыць інвалідаў у грамадскіх месцах.

— Але ж і нашы людзі ўдзельнічаюць у дабрачыннасці, дапамагаюць, пералічваюць грошы… Дарэчы, можна сказаць, якая катэгорыя насельніцтва дапамагае больш актыўна?


— Беларусы дапамагаюць стыхійна. Я не магу размежаваць, хто дапамагае часцей або больш — гэта самыя розныя людзі. Яны ідуць за нейкім клічам душы. Буйныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі часцей дапамагаюць напярэдадні вялікіх святаў: пад Новы год, Каляды, перад велікоднымі святамі. У гэты час, напэўна, прачынаюцца нашы хрысціянскія паняцці пра тое, што трэба дапамагчы бліжняму свайму. Яны пералічваюць буйныя сумы, арганізуюць канцэрты і святы.

А бывае, прыходзіць, Іван Іванавіч, у яго самога практычна няма грошай, але ён атрымлівае сваю мізэрную пенсію і прыносіць у фонд з яе 100 тысяч. Людзі дасылаюць і па 50, і па 30 тысяч. Кожны ўклад каштоўны.

— Якой катэгорыі людзей у нястачы беларусы дапамагаюць больш ахвотна?


— Вядома ж, у інтэрнат для дзяцей-сірот прыехаць прыемней, чым у дом інвалідаў. Там дзеці здаровыя, можна патрымаць на ручках прыгожанькага хлопчыка ці дзяўчынку, пагуляць з імі, пагаварыць. І зусім іншая справа — дапамагаць дзецям з псіхафізічнымі асаблівасцямі або, напрыклад, людзям сталага ўзросту з пэўнымі праблемамі.

Установы, з якімі працуем мы, — для інвалідаў і людзей з асаблівасцямі развіцця. Усе яны ў асноўным недзеяздольныя. А гэта — самая неабароненая і ўразлівая частка грамадства. Але ў нас ёсць выдатныя валанцёры, якія ездзяць у інтэрнаты, дзе жывуць старыя з псіханеўралагічнымі захворваннямі, гэта значыць, людзі вельмі пажылыя, многія ляжачыя, у памперсах, у кагосьці няма ног… Нашы валанцёры ладзяць для іх святы, купляюць неабходную тэхніку, прысмакі. Я захапляюся імі. Гэта добрыя перамены ў грамадстве.

— Часта можна чуць фразу, што дапамагаць трэба з розумам. Што гэта значыць?


— Важная, вядома, любая дапамога. Але калі ў вас узнікае парыў зрабіць добрую справу, то лепш, сапраўды, спачатку пашукаць інфармацыю, хто на самой справе мае патрэбу, спытаць ў фондах, якія курыруюць інтэрнаты, у саміх інтэрнатах, што менавіта ім неабходна.

Калі вы перадаяце вопратку ці тэхніку ў інтэрнат, то трэба абавязкова праверыць, ці прайшлі гэтыя прадметы па дакументах, ці складзены акт прыёму. Калі гэта, напрыклад, тэлевізар, то яму прысвойваецца уліковы нумар. Праз некалькі месяцаў нават можна прыехаць паглядзець, дзе стаіць гэты тэлевізар. Думаю, што красці не стануць, але ўсялякае ў жыцці бывае.

Калі вы прывозіце падгузкі, трэба не саромецца і пытацца, а ці ставяць іх на ўлік: гэта значыць, пры вас мусяць скласці акт прыёмкі гэтых падгузкаў, каб яны былі аформленыя афіцыйна. Я не хачу нікога пакрыўдзіць, але рэчы могуць не дайсці да тых, хто ў іх насамрэч мае патрэбу.

Калі вы хочаце пералічыць грошы, то цяпер у кожным банку існуе спіс імёнаў і рахункаў дзяцей, якім патрэбная дапамога. Вы пералічыце менавіта ім, і тады гэтыя грошы сапраўды пойдуць на патрэбы. Ці можна перавесці сродкі на рахунак якога-небудзь дабрачыннага фонду, дзе вам заўсёды дадуць справаздачу па мэтавым выкарыстанні сродкаў.

— Як адбываецца размеркаванне дабрачынных сродкаў?

— Дапусцiм, на дабрачынны рахунак прыходзяць у фонд грошы з-за мяжы, мы іх атрымліваем і адразу ж складаем план размеркавання: рыхтуем падрабязную дакументацыю, на якія мэты мы патрацім гэтыя грошы. Гэта можа быць закупка падгузкаў, бытавой тэхнікі, будматэрыялаў для рамонту памяшканняў інтэрнатаў або зарплата супрацоўнікаў. Затым разам з афіцыйным лістом мы нясем план размеркавання грашовых сродкаў у Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці. Дэпартамент аналізуе нашы дакументы: ці сапраўды гэта неабходна і ці падыходзяць запланаваныя выдаткі пад нормы аб гуманітарнай дзейнасці. Затым яны выпісваюць нам рэгістрацыйнае пасведчанне на мэтавае выкарыстанне грошай па прызначэнні. У выніку на сродкі, якія паступілі да нас, мы можам купіць толькі тое, што напісана ў плане размеркавання. Калі ў нас запісаныя падгузкі, а купляем мы адзенне, гэта нямэтавае выкарыстанне сродкаў і нас можна прыцягнуць да адказнасці.

— Дарэчы, як дзяржава спрыяе развіццю дабрачыннай дзейнасці ў нашай краіне?


— Я скажу так: у нас уся дабрачынная дапамога робіцца са свайго прыбытку, а прыбытак у сваю чаргу абкладаецца падаткам. Калі б было па-іншаму — гэта зрабілася б вялікай падмогай для развіцця дабрачыннасці ў нашай краіне. У некаторых заходніх краінах кампаніі, якія пералічваюць сродкі на дапамогу людзям, маюць падатковыя паслабленні, і, магчыма, гэта правільна.

Але з іншага боку дзяржава вельмі добра каардынуе дабрачынную дзейнасць. Нам яны дапамагаюць “латаць дзіркі”: мы тэлефануем у камітэт і пытаемся, каму ў дадзены момант больш патрэбная дапамога, і яны раяць, у каго становішча зусім цяжкае, у каго — лягчэйшае. Я ўдзячная ім за поўнае разуменне і ахвотнае супрацоўніцтва.

— Якім тэмпам развіваецца дабрачыннасць у нашай краіне?

— За 15 гадоў зробленыя каласальныя крокі ў гэтым кірунку. Калі ўзяць для параўнання дзіцячыя дамы для дзяцей-інвалідаў пятнаццаць гадоў таму і цяпер — гэта неба і зямля. Раней яны былі закрытымі ўстановамі, простага чалавека з вуліцы туды б ні за што ў жыцці не пусцілі. Як правіла, гэта было памяшканне, у якім знаходзілася 40 дзяцей, нярэдка ляжачых, з двума выхавацелямі, з едкім пахам і мухамі — жудаснае відовішча. Я бачыла на свае вочы. Людзі жылі ў складаных умовах. І праблема была не толькі ў тым, што тады вельмі не хапала сродкаў. Хутчэй не хапала належных адносінаў да гэтых людзей, пытанне стаяла ў тым, што для навакольных, паўтаруся, гэта былі людзі другога гатунку. Лозунг “Розныя-роўныя” з’явіўся значна пазней.

А тое, што мы можам бачыць зараз — гэта вялікае дасягненне дзяржавы. У нас ёсць цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, дзе дзеці-інваліды могуць знаходзіцца да сваіх 18 гадоў. Дзейнічаюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, куды могуць прыйсці людзі пасля 18 гадоў і знайсці сабе дзейнасць па інтарэсах. Гэта вялікая справа!

Вось яшчэ прыклад: мама выхоўвае хворае дзіця адна. І раптам ёй трэба легчы ў шпіталь. Яна можа звярнуцца ў аддзел сацыяльнай абароны насельніцтва, заплаціць невялікія грошы і на некаторы час змясціць сваё дзіця-інваліда ў інтэрнат. І яна будзе спакойная, таму што там за ім будуць сапраўды добра даглядаць, карміць, займацца з ім.

Цяпер у Міністэрстве сацыяльнай абароны распрацоўваецца сацыяльны праект “Пражыванне з суправаджэннем” — гэта наогул цуд. Калі ў чалавека другая група інваліднасці, ён пражывае ў сваёй кватэры і раптам застаецца адзін, да яго рэгулярна будзе прыходзіць спецыяльны работнік, які дапаможа ў гаспадарцы: купіць прадукты, прыгатуе, прыбярэ жыллё, заплаціць за камунальныя паслугі. Раней людзі гэтага нават уявіць сабе не маглі.

Маленькімі крокамі дзяржава стварае для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, для інвалідаў і старых ўсё больш камфортныя ўмовы. І я не толькі як работнік дабрачыннага фонду, але і як маці хворага дзіцяці хачу сказаць дзякуй за ўсё, што адбываецца ў гэтай сферы.

Ганна Трубачова, Вера Сірата
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва “Таранціны і сыны”

Крыніца: Будзьма беларусамі!