|
|
Беларускія пісьменнікі ў выглядзе міфалагічных персанажаў у Варшаве
Сучасныя мэтры беларускай літаратуры, сярод якіх Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, прынялі ўдзел у фотасесіі, дзе пераўтварыліся ў папулярных персанажаў з беларускіх народных міфаў, казак і легенд: Бая, Дамавіка, Лесавіка, Зюзі, Жыжаля ды іншых.
Вынікам праекта пад назвай “Першапачатак” стала фотавыстава, якая была прадстаўлена ў Беларускім доме ў Варшаве. Праект мусіць зацікавіць вуснай народнай творчасцю, традыцыямі продкаў ды нацыянальнай літаратурай.
Па словах ініцыятара і каардынатара праекта Ірыны Хадарэнкі, яго мэтай з'яўляецца прыцягненне ўвагі да пісьменнікаў і дзейнасці “Саюза беларускіх пісьменнікаў”:
- Мы прэзентуем шэраг нашых літаратараў у такім незвычайным ракурсе з улікам таго, што дзейнасць кожнага пісьменніка звязана з фальклорам. Паўстала думка, што можна іх прэзентаваць у казачным выглядзе пры дапамозе фотаздымкаў, насценнага календара, які зараз рыхтуецца, а пакуль мы маем выставу з выявамі пісьменнікаў.
Праект прымеркаваны да юбілею - 80-годдзя найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі - “Саюза беларускіх пісьменнікаў”.
Выставу ў Беларускім доме ў Варшаве можна будзе наведаць да пачатку ліпеня. Увосені яе змогуць паглядзець менчукі ды госці Менска.
Вікторыя Сцяпановіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара