Ветэраны польскага супраціву заклікаюць падтрымаць беларусаў

Ветэраны польскага супраціву заклікаюць падтрымаць беларусаў


Былы дзеяч польскай «Салідарнасці», дарадчык прэзідэнта Польшчы - Гэнрык Вуец патлумачыў матывы звароту, які да грамадства, палітыкаў і ўсіх людзей добрай волі накіравала група былых польскіх апазіцыйных актывістаў.

Гэнрык Вуец лічыць, што цяпер беларусам як ніколі патрэбная ўсебаковая падтрымка ды праявы салідарнасці.

- Гэта заклік і да тых, хто прымае нейкія рашэнні, і да звычайных людзей, каб яны праяўлялі сваю салідарнасць з Беларуссю, дапамагалі Беларусі. Кожны мае нейкую нагоду: нават звычайная пасылка ці дапамога таксама патрэбныя, ці проста выразы сімпатыі і падтрымкі, каб паказаць, што Беларусь не самотная, што беларусы, якія змагаюцца за свабоду, нам не абыякавыя. Трэба паказаць нашу салідарнасць, спагаду, асабліва ў гэты перадсвяточны перыяд, бо гэтая справа нам блізкая.

Гэнрык Вуец адзначыў, што прэзідэнт Браніслаў Камароўскі заклапочаны сітуацыяй у Беларусі. Ён ня толькі падтрымаў ініцыятыву звароту, але таксама настойліва рэкамендаваў міністру замежных справаў Радаславу Сікорскаму выпрацаваць сумесна з еўрапейскімі лідэрамі стратэгію сумеснага дзеяння ў справе Беларусі.

Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя

Фота: polskieradio.pl

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя