|
|
МЗС Польшчы запрашае студэнтаў з краін Усходняга партнэрства прыняць удзел у стыпэндыяльнай праграме імя С. Банаха.
Мы паведамлялі, што Міністэрства замежных справаў Польшчы запрашае студэнтаў з краін Усходняга партнэрства прыняць удзел у новай стыпэндыяльнай праграме імя Стэфана Банаха. Прапанова накіравана да студэнтаў тэхнічных, фізычна-матэматычных, сельскагаспадарчых і эканамічных факультэтаў і ВНУ.
У навучальным годзе 2013/2014 польскія ВНУ прымуць 50 студэнтаў з краін Усходняга партнэрства, у наступныя гады – па 100 маладых людзей.
Нашым сёньняшнім госьцем зьяўляецца Анэта Стыпулкоўска з прыёмнай камісіі Ўроцлаўскага палітэхнічнага ўнівэрсытэту, дзе навучаюцца студэнты з краін-усходніх суседак Польшчы. Зь якіх краін яны паходзяць, на якіх факультэтах вучацца?
А. Стыпулкоўска: Сёлета мы праводзілі моцную кампанію для кандыдатаў з Усходу, асабліва з Украіны й Беларусі. У дадзены момант у нас каля 50 чалавек з Украіны, якія сёлета хочуць да нас паступіць. Думаю, што гэта яшчэ не канец, паколькі гэта пачатак паступленьня. Гэта асобы, якія хацелі б вывучаць у нас архітэктуру. Ёсьць таксама кандыдаты зь Беларусі, іх каля 10 чалавек. Яны ў асноўным зацікаўленыя інфарматыкай і будаўніцтвам. Ёсьць кітайцы, таксама каля 10 чалавек, ёсьць зацікаўленыя карэйцы. Паводле мяне, гэта пазытыўная тэндэнцыя як на пачатак паступленьня.
Стыпэндыяльная праграма імя Стэфана Банаха скіраваная для асобаў з краін Усходняга партнэрства. Пасьля першага году навучаньня студэнты змогуць прыняць удзел у студэнцкім абмене ў рамках праграмы Erasmus. Акрамя гэтага, падчас навучаньня можна будзе прайсьці стажыроўку. Перад пачаткам навучаньня ім прапануецца курс польскай мовы. Стыпэндыя імя Стэфана Банаха дае іншаземцам больш шырокія магчымасьці. На вашую дуку,будзе шмат ахвотных выкарыстаць гэты шанец?
А. Стыпулкоўска: Думаю, гэта праграма вельмі патрэбная студэнтам з Усходу. Асабліва незаможныя асобы паступаюць у польскія ВНУ і стараюцца атрымаць любую магчымую стыпэндыю. Найлепшым мы прапануем бясплатнае навучаньне, што карыстаецца папулярнасьцю.
Уроцлаўскі палітэхнічны ўнівэрсытэт зьяўляецца лідарам рэйтынгаў ВНУ, выпускнікі якіх беспраблемна знаходзяць працу. Ці гэта таксама мае значэньне для кар’еры выпускнікоў з Усходу, якія ў вас навучаліся?
А. Стыпулкоўска: Вядома, што Ўроцлаў зьяўляецца горадам, дзе вельмі шмат разнастайных карпарацый і фірм. Студэнты, якія да нас прызджаюць, ведаюць, што пасьля нашых тэхнічных факультэтаў можна знайсьці добрую працу, з добрым заробкам. У параўнаньні з усходнімі краінамі мы прапануем шмат практычных заняткаў. У сябе яны вывучаюць амаль адну тэорыю, а ў нас шмат практыкі. У выніку студэнты значна лепш падрыхтаваныя да прафэсійнай дзейнасьці. Я думаю, гэта адна з галоўных прычын, чыму замежнікі абіраюць нас, і ўвогуле Польшчу. Уроцлаўскі палітэхнічны ўнівэрсытэт у год прымае каля 200 замежнікаў, з чаго большасьць - гэта асобы з Усходу. З заходніх краін таксама ёсьць кандыдаты. Гэта ЗША, Канада, краіны ЭЗ. Аднак найбольш – Украіна й Турцыя. Цяпер актыўнымі сталі Саўдаўская Арабія й Індыя.
Дзякую за размову.
Тэрмін падачы дакумэнтаў на стыпэндыяльную праграму імя Стэфана Банаха завяршаецца 21 чэрвеня. Польшча вырашыла ўстанавіць новую праграму ў сувязі зь вялікім зацікаўленьнем навучаньнем у Польшчы сярод студэнтаў з краін Усходняй Эўропы. У мінулым навучальным годзе ў Польшчы навучалася каля 13 тысяч замежных студэнтаў, пераважалі асобы з Украіны й Беларусі. Зь іх 3 тысячы атрымлівалі разнастайныя стыпэндыі.
Сумоўі для кандыдатаў пройдуць ў сталіцах чальцоўскіх краін Усходняга партнэрства, у тым ліку ў Менску. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць у дыпляматычных установах Польшчы ў згаданых дзяржавах.
Эва Плісецка/ав