|
|
Прэзентацыйнае турнэ Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org па Беларусі.
Адзін з пунктаў - Магілёў. Горад павітаў сонейкам і цеплынёю. Сустрэча, у якой прынялі ўдзел стваральнікі бібліятэкі Яраслаў Іванюк і Наталля Герасімюк, а таксама старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) ды бард, акцёр, шоўмэн Віктар Шалкевіч прайшла ў сядзібе няўрадавых арганізацый “Цэнтр Кола”.
На прэзентацыю прыбылі рэдактары рэгіянальных незалежных перыёдыкаў (Клімавіцкая панарама, Рэгіён і інш.), моладзь, пісьменнікі, грамадскія дзеячы ды прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў.
Госці сустрэчы пазнаёміліся з дзейнасцю бібліятэкі, мелі магчымасць паслухаць аўтарскае выкананне апавяданняў, расповед Барыса Пятровіча пра вынікі і перспектывы супрацы Саюза з бібліятэкай і канцэрт Віктара Шалкевіча. Адбыўся таксама паказ фільма Андрэя Лянкевіча “Беларусы ў Польшчы”. Фільм выклікаў дыскусію пра становішча беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, беларускае школьніцтва, міжлюдскія адносіны і перспектывы захавання роднай мовы ва ўмовах глабалізацыі і асіміляцыі.
Кожны госць сустрэчы атрымаў падарунак ад бібліятэкі.
Фота: ГЦ Кола, Kamunikat.org