Ганна Кандрацюк: Каб стаць удзельнікам сустрэч “Зоркі”, трэба пісаць

Ганна Кандрацюк: Каб стаць удзельнікам сустрэч “Зоркі”, трэба пісаць


Наймалодшыя аўтары і чытачы тыднёвіка “Ніва” на цэлы тыдзень паселяцца ў агратурыстыцы “Бора-Здруй”, аднак шмат будуць выязджаць і ў іншыя куткі Нараўчанскай гміны.

У інтэрв’ю для нашага радыё журналістка і арганізатарка сустрэчаў Ганна Кандрацюк, расказала, што сёлета галоўная тэма прысвечана вядомай падляшскай рэжысёрцы Тамары Саланевіч.

РР: Скажыце некалькі словаў пра праграму, бо кожны год сустрэча адбываецца ў розных мясцінах Падляшша.


Ганна Кандрацюк: Паколькі будзем працаваць у Нараўчанскай гміне, то падумалі, што варта ўзяцца за тэму Тамары Саланевіч. Мы хочам наведаць месцы, якія з ёй звязаныя. Папярэднія кантакты ў час падрыхтоўкі паказалі, што гэта апошняя магчымасць, калі мы можам знайсці герояў для фільма. Напрыклад, у вёсцы Сушча, яна вельмі любіла людзей з гэтай вёскі, гэтую эстэтыку фальклору, якую яна дасканала зафіксавала. Мы заўважылі, што людзі вельмі пазітыўна адрэагавалі на гэтую ідэю. Я лічу, што каб нешта будаваць, то ў падмурак трэба пакласці ідэю, як добрую памяць, бо яна прыносіць плён. Сустрэчам 18 гадоў, таму мы ўжо маем добрых журналістаў, якія працуюць, якія кіруюць людзьмі.

РР: Хто будзе ўдзельнічаць у сёлетніх сустрэчах?

Ганна Кандрацюк: Каб стаць удзельнікам сустрэч “Зоркі”, трэба пісаць, быць нашым карэспадэнтам. Ёсць такі феномен, наколькі яскрава, таленавіта праявіла сябе школа ў Нараўцы – гэта Нараўчанская гміна. Мы смяемся, кажам, што гэта магія сутрэчаў, якія там адбываліся, некалі падобна было ў Нарве. Гэтыя дзеці праявілі талент, зацікаўленне журналістыкай, так што будзем мець мясцовых удзельнікаў, але ў асноўным гэта дзеці з усёй Беласточчыны. Я раблю ўхіл у бок настаўнікаў, хачу дацаніць іх цяжкую працу, таксама настаўнік ведае каго прапанаваць.

РР: Не сакрэт, што ў межах сустрэчаў паўставалі іншыя цікавыя праекты. Якімі вы ганарыцеся, якія найбольш адметныя?


Ганна Кандрацюк:
Мы пачыналі са спалучэння журналістыкі і мастацкіх праектаў. На Беласточчыне і ў наваколлі Любліна паўсталі каляровыя крыжы. Аўтарам гэтага праекта быў Лёнік Тарасевіч, мы рабілі з ім першыя сустрэчы. Сярод іншых, летнік, пачас якога мы вандравалі па Бельшчыне і запісвалі аўтэнтычны фальклор - гэта пачалося ў Студзіводах. Цяпер думаю, што гэта было сімвалічнае адкрыццё Дарафея Фіёніка, бо раней ён гэтым не займаўся. Таксама тэатральныя заняткі, тут зоркай у нас была Аліна Ваўранюк. Вельмі вялікі ўплыў гэтыя сустрэчы ўнеслі ў развіццё літаратурнага конкурсу “Дэбют”.

РР: Што натхняе дзяцей пісаць у “Ніву”?

Ганна Кандрацюк: Думаю, што гэта прыклад таго, з якімі людзьмі мы працуем, а ўжо на трэці-чацьвёрты дзень, яны самі гэта “глытаюць”, і мы не мусім заганяць іх да працы. Думаю, што гэта, як ў кожнай справе, важны аўтарытэт, перадача і добрая энергія.

Сустрэчы “Зоркі” ладзяцца ад 1995 года. За гэты час у іх межах паўстала шмат іншых, цікавых праектаў. Напрыклад, у многіх кутках Падляшша можам пабачыць так званыя “каляровыя крыжы”, упрыгожаныя малюнкамі дзяцей, ідэя якіх належыць мастаку Лявону Тарасэвічу.

Як адзначыла Ганна Кандрацюк, многія з удзельнікаў сустрэчаў пазней выбралі сабе прафесію журналіста і цяпер плённа працуюць на гэтай ніве.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя