Алесь Смалянчук: Назваць гарадзенскі гістфак бунтарскім зараз нельга

Алесь Смалянчук: Назваць гарадзенскі гістфак бунтарскім зараз нельга


Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы застаецца без гістарычнага факультэта.

Як стала вядома “Салідарнасці”, апальны факультэт ГрДУ ліквідуюць. Чуткі пра тое, што гістфак могуць аб'яднаць з факультэтам турызму актыўна хадзілі апошнія два месяцы. Прыкладна з часу звальнення апальнага гісторыка Вячаслава Шведа.

Дэкан гістфака Эдмунд Ярмусік пацвердзіў, што пытанне з аб'яднаннем факультэтаў сапраўды вырашаецца.

На думку прафесара гісторыі Алеся Смалянчука, выпускніка гістарычнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, назваць бунтарскім гістарычны факультэт зараз нельга, а з яго знікненнем гістарычная навука Беларусі шмат не згубіць:

- Даўно назіраю, спрабую аналізаваць дзейнасць гістарычнага факультэта Гарадзенскага ўніверсітэта. Заўсёды выказваў крытычныя заўвагі, яшчэ з часоў, калі я вучыўся. Абсалютна бунтарскага там практычна нічога няма. Дэкан Ярмусік катэгарычна забараняе студэнтам і выкладчыкам гістфака ўдзельнічаць у канферэнцыях, якія мы ладзім, што тут яшчэ скажаш. Мне здаецца, што гэты факультэт даўно займаецца не столькі гістарычным выхаваннем, колькі праводзіць, рэалізуе дзяржаўную палітыку. 

Разам з тым, па словах Алеся Смалянчука, шкада некаторых людзей, якія сумленна працуюць на гістарычным факультэце і могуць страціць працу.

Гэта падцвярджае і заява старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры. Таму адной з мэтай аб'яднання гістарычнага і турыстычнага факультэтаў можна лічыць пазбаўленне ад тых людзей, якія нібыта заклікаюць да змены ўлады, падкрэслівае прафесар Смалянчук.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belapan.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя