|
|
Праваабаронцы “Вясны” наведалі могілкі Росы ў Вільні
9 чэрвеня, у дзень народзінаў Івана Луцкевіча, праваабаронцы і юрысты «Вясны» наведалі могілкі Росы ў Вільні. Апранутыя ў новыя цішоткі з надпісам "ВЯСНА - не толькі пара года" яны прайшліся ад Беларускага Дома правоў чалавека ў выгнанні да знакамітага гістарычнага месца, дзе пачаткова меркавалася правесці талаку і прыбраць могілкі.
Пешая прагулка па горадзе атрымалася даволі шматлюднай. Яна выглядала як арганізаванае мірнае шэсце. Калі б падобная акцыя праводзілася ў Беларусі нават у такім выглядзе, улады маглі ўспрыняць яе за несанкцыянаваную дэманстрацыю з усімі вынікаючымі наступствамі. У Вільні ж даволі экзатычнага выгляду паліцыянты "на колах", што аднойчы сустрэліся на шляху, нават не звярнулі ўвагі на "дэманстрантаў".
Ад самага пачатку, на могілках знакамітых продкаў меркавалася зрабіць талаку, але нехта клапатлівы на іх ужо належным чынам прыбрася. Такім чынам меркаваная талака пераўтварылася ў пазнавальную экскурсію. Праваабаронцы сфатаграфаваліся на памяць ля помнікаў Івану Луцкевічу ды Францішку Аляхновічу... Дзякуючы "талацэ" многія з іх апынуліся ў гэтым гістарычным месцы ўпершыню.
P/S
*
Нагадаем, што 9 чэрвеня 2013г. споўнілася 132 гады з дня нараджэння вядомага палітыка і навукоўца Івана Луцкевіча.
Разам са сваім братам Антонам ён быў адным з галоўных ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.
Іван Луцкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1881 года ў літоўскім Шаўляі. Ён паходзіў з шляхецкага роду герба «Навіна».
**
Адна з ініцыятараў і актыўная ўдзельніца акцыі на могілках Росы ў Вільні Таццяна Равяка адносна фотаздымкаў ля магілы Францішка Аляхновіча піша ў сваім фэйсбуку (https://www.facebook.com/photo.php?fbid=351080791687213&set=np.32137178.100001267011823&type=1&theater¬if_t=close_friend_activity): "Вось у каго ў жыцці ўсяго было намешана - і творчасць, і Салавецкі лагер, і калабаранцтва, і загадкавая смерць. Як напісаў пра яго Алесь Бяляцкі: "Ён жыў у тыя часы, калі лёсы людзей вырашалі гістарычныя абставіны...". Думаю, што і нашыя сённяшнія часы адносяцца да такіх гістарычных перыядаў."
Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Алесь Лапіцкі
* * *
Беларускія праваабаронцы наведалі віленскі некропаль – могілкі Росы, дзе пахаваныя нацыянальныя героі і выбітныя асобы Беларусі. Праваабаронцы планавалі пры патрэбе прыбраць магілы. Але магілы славутых беларускіх асобаў аказаліся ў поўным парадку, кажа Таццяна Равяка:
- Выявілася, што тыя людзі, якія жывуць у Вільні, вельмі сочаць за гэтымі могілкамі. І мы парадаваліся, што магілы нашых грамадскіх дзеячоў дагледжаныя і шануюцца нашымі землякамі, якія тут жывуць.
Алена Лапцёнак:
– На могілках Росы, дзе пахаваныя нашыя найбуйнейшыя і найвыдатнейшыя дзеячы, мусіць пабываць кожны беларус. І мне падаецца, што талака – гэта добра, але, відаць, найлепш, калі тут можна пахадзіць аднаму і як гэта мусіць быць на могілках сабрацца з думкамі пра вечнае, пра нашу беларускую мару. Тады ў душы больш прасвятлее.
Марцін Угла, старшыня шведскай праваабарончай арганізацыі Оstgruppen:
– Я тут першы раз, гэта вельмі цікава даведацца пра беларускія традыцыі і пра беларускую гісторыю, бо вядома, што ёсць сувязь паміж Вільняй і Беларуссю. Мне прыемна быць тут разам з беларускімі калегамі.
Праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін:
– На гэтых могілках пахаваны Францішак Аляхновіч, я чытаў ягоную кнігу «У кіпцюрах ГПУ». Думаю, што ягоны лёс нечым нагадвае лёс нашага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў зняволенні. Я дакрануўся да нечага сакральнага, дарагога, святога.
Па словах праваабаронцы і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча, ушаноўваць памяць нацыянальных герояў, пахаваных у Вільні, трэба кожнаму, хто ўсведамляе іх заслугі перад беларускім народам:
– На могілках Росы спачывае шэраг нашых нацыянальных герояў. Тут пахаваны Францішак Аляхновіч, вялікі беларус, вялікі драматург, належна неацэнены. Тут сімвалічна пахавалі братоў Луцкевічаў, паколькі ведаем, што быў перапахаваны Іван Луцкевіч, які памёр у Закапаным, а Антон Луцкевіч згінуў у савецкім канцлагеры ў Казахстане. Тут пахаваны Уладзіслаў Сыракомля, супольны беларуска-польскі літаратар, ксёндз Уладзістаў Талочка, які ажыцяўляў беларусізацыю касцёла і шэраг іншых ведамых беларускіх дзеячоў.
Праваабаронцы выказалі надзею, што з часам патрэбу ў пашане апошняга прытулку знакамітых землякоў адчуе ўсё беларускае грамадства.
Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Вільня