Т. Налэнч: Мы хочам, каб беларусы маглі вольна выбіраць

Т. Налэнч: Мы хочам, каб беларусы маглі вольна выбіраць


Нядаўнія падзеі ў Беларусі пракаментаваў польскі гісторык і палітык, дарадца прэзідэнта Браніслава Камароўскага па справах гісторыі а нацыянальнага даробку, прафесар Варшаўскага Ўніверсітэту Томаш Налэнч.

- Мы з занепакоенасцю глядзім на тое, што адбываецца ў Беларусі, бо мы палякі ўскладалі на гэтыя выбары шмат спадзяванняў, мы хочам каб мільёны беларусаў маглі свабодна выбраць свайго прэзідэнта і прагаласаваць у адпаведнасці са сваімі сімпатыямі. Тое, што адбываецца ад вечара нядзелі ў Мінску не дазваляе казаць пра свабоду галасавання. Нашы сэрцы на баку беларусаў, асабліва зняволеных і пабітых; увесь наш час сёння прысвечаны Беларусі.

РР:  Як вы ацэньваеце замежную палітыку Польшчы, якую яна вяла ў дачыненні да Беларусі апошнія гады?

- Інтэнцыяй польскай палітыкі заўсёды была падтрымка Беларусі ў яе імкненні да незалежнасці і суверэннасці, а таксама вырашэнне беларускіх спраў мы імкнуліся пакідаць самім беларусам – гэта неад’емная ўласцівасць свабоднай краіны. Народ мае права сам выбраць сваю ўладу: прэзідэнта, Парламент, і зрабіць гэта так, як лічыць правільным. Ніхто звонку немае права навязваць аніводнаму народу ягонага суверэннага выбару. І польская палітыка заўсёды імкнулася шанаваць суверэнны выбар Беларусі. Справа толькі ў тым, што гэтае рашэнне мільёны беларусаў павінны прымаць вольна, не абмежаваныя ціскам. А гэтага, як бачна па апошніх падзеях на Беларусі, як раз і не хапала.

РР: Якой на вашу думку павінны быць далейшая палітыка Польшчы, пасля падзеяў 19 снежня?

- Гэта павінна быць палітыка, якая шануе суверэнітэт Беларусі і выбар мільёнаў беларусаў, і адначасова палітыка, якая будзе патрабаваць да Лукашэнкі паслядоўнасці. Лукашэнка абяцаў вольныя выбары, і гэтае абяцанне і Еўразвяз і Польшча вельмі цанілі. Але апошнія падзеі паказваюць, што ранейшыя дэкларацыі Лукашэнкі былі падманам. І таму палітыка Польшчы і Еўразвязу ў дачыненні Беларусі цяпер павінна быць істотна змененая.

Гутарыў Зміцер Косьцін

Цалкам гутарку слухайце ў прыкладзеным аўдыёфайле.

Фота: fakt.pl

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя