Прадпрымальнікі паставяць помнік графу Каралю Гутэн-Чапскаму

Прадпрымальнікі паставяць помнік графу Каралю Гутэн-Чапскаму


З прапановай вылучыць месца пад помнік мэру Менска ў 1891-1901 гадах да Менскага гарадскога выканаўчага камітэта звярнулася Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. Пра гэта паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя старшыня прэзідыума канфедэрацыі Уладзімір Карагін.

«Прыкра, - лічыць Карагін, - што дагэтуль Менск не ўвасобіў у помніку ці памятнай дошцы памяць пра найлепшага менскага граданачальніка».

- Ён пабудаваў конку, першую электрастанцыю, завод «Аліварыя», ды ўвогуле быў цікавым чалавекам. Калі ў гарадскога савета не было грошай, ён адмовіўся ад зарплаты і 10 гадоў працаваў задарма. Мы, прадпрымальнікі, гатовы сабраць грошы, каб імя гэтага чалавека, які так шмат зрабіў для нашай сталіцы, было ўвекавечана ў нашай гісторыі.

Дзейнасць графа Караля Гутэн-Чапскага гісторыкамі ацэньваецца адназначна: час ягонага кіравання Менскам стаў перыядам самых паспяховых рэформаў гаспадаркі і культуры горада за ўсю ягоную гісторыю. Менавіта пры Чапскім за 11 год Менск ператварыўся з дробнага губернскага мястэчка Расійскай імперыі ў сапраўдны еўрапейскі горад.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск


Фота lyakh.org

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя