|
|
Урачыстасці ў гонар Міколы Гайдука ў Бельску Падляшскім
Спадчыну Міколы Гайдука – беларускага педагога, публіцыста, аўтара гістарычных эсэ і вершаў – узгадваюць у Бельску Падляшскім. У мясцовым белліцэі на канферэнцыі, прысвечанай асобе Міколы Гайдука, сабраліся сям’я, былыя супрацоўнікі і сябры.
Удзельнікі ўзгадвалі журналісцкую дзейнасць у «Ніве», «Часопісе» ды «Przeglądzie Prawosławnym», а таксама перыяд настаўніцкай працы ў белліцэі. У час сустрэчы дзяўчаты з калектву «Спадчына» заспявалі песню на словы Міколы Гайдука.
Лена Глагоўская: Гэта быў настаўнік і педагог. Гэтая ягоная прафесія бачная ва ўсім. Ён усіх любіў павучаць як пісаць, як вучыцца, як паступаць урэшце. Так што гэтая яго першая прафесія настаўніка была прысутная ва ўсім.
Дарафей Фёнік: Ён умеў бачыць у іншым чалавеку яго схільнасці, той кірунак ў якім ён найбольш здольны. І ён тады актыўна падтрымліваў такога чалавека. я гэта на сабе адчуў.
Юрка Ляшчыньскі, журналіст: Найбольшы яго ўплыў быў на маю журналісцкую працу. Бо ён гаворыць для мяне: «Ты маеш добрае пяро, ты павінен пісаць у «Ніве». Я гавару: «Не, я яшчэ студэнт, яшчэ у Варшаве, гэта далёка.» Кажа: «Буду трымаць табе месца ў «Ніве», калі закончыш вучобу прыходзь у «Ніву».
Мікола Гайдук нарадзіўся 29 красавіка 1933 года ў Кобылянцы, што ля Міхалова. Сёлета мінае 80 гадавіна з дня нараджэння і 15-я з дня яго смерці.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара