|
|
Андрэй Сцепанюк: Мікола Гайдук быў збіральнікам і захавальнікам традыцыі
Педагог, публіцыст, збіральнік фальклору. Памяць пра Міколу Гайдука працягвае жыць на Беласточчыне.
Сёлета прыпадае 15 гадоў з дня яго смерці і 80 гадоў з дня нараджэння, у сувязі з чым арганізуюцца памятныя ўрачыстасці. Яны пачнуцца ў Бельскім беларускім ліцэі, распавядае дырэктар ліцэя Андрэй Сцепанюк у гутарцы з Янай Запольскай:
РР: Правядзенне мерапрыемстваў у Бельскім ліцэі - гэта не выпадак?
Андрэй Сцепанюк: Зразумела. Тут адназначна трэба сцвердзіць, што калі адбылася мая першая размова з Ленай Глагоўскай, якая казала пра тое, што такую канферэнцыю, ці ўрачыстасці арганізуюць, не хаваю, што сам запрапанаваў, каб гэта адбылося ў нашым ліцэі з увагі на тое, што да паўстання і развіцця ліцэя Мікола Гайдук несумненна меў дачыненне. З увагі на тое, што быў дырэктарам пасля самай важнай постаці ў жыцці нашага ліцэя - Яраслава Кастыцэвіча, таму ліцэй уключыўся ў арганізацыю гэтых мерапрыемстваў. Спадзяюся, што ліцэй будзе добрым месцам, дзе дух Міколы Гайдука яшчэ павінен дзесьці там кружыць.
РР: Асноўная частка таго, што будзе адбывацца ў ліцэі ў Бельску Падляшскім - гэта канферэнцыя прысвечаная Міколу Гайдуку?
Андрэй Сцепанюк: Так, у суботу запрашаем на канферэнцыю. Яна будзе адбывацца з 12 гадзінаў у нашым ліцэі. Другая частка таксама вельмі важная, з увагі на тое, што на 18 гадзін запланавана вечарына ўспамінаў Міколы Гайдука. Думаю, што вельмі важна будзе спаткацца з тымі людзьмі, якія яго памятаюць, якія з ім працавалі. Мы запрашаем усіх настаўнікаў, якія працавалі разам з Міколам Гайдуком, запрашаем таксама дырэктара Карпюка, які пераймаў ад яго ліцэй, калі Мікола Гайдук скончыў працу. Запрашаем таксама тых вучняў, хто вучыўся, калі дырэктарам быў Мікола Гайдук. Гэта будзе ў другой частцы, таму сардэчна запрашаем тых, хто ведае Міколу Гайдука з часу яго жыцця ў Бельску.
РР: Мерапрыемства будзе адкрыта для ўсіх?
Андрэй Сцепанюк: Кожны, хто захоча, зможа прыйсці, будзем вельмі радыя вітаць. У першай чатцы, якая пачынаецца ў 12 гадзін, яна будзе больш навуковая. Яе пачне доктар Лена Глагоўская, якая адказная за яе. Канферэнцыя пачнецца з даклада Лены Глагоўскай, які прысвечаны Міколу Гайдуку. Выступяць таксама іншыя выкладчыкі: Гражына Харытанюк-Міхей, Анжаліна Масальская, Дарафей Фіёнік, Славамір Іванюк, Яўген Вапа, Тэрэза Занеўская, Ёанна Саковіч, Юрась Хмялеўскі, Яўген Чыквін і Ірэна Матус. Думаю, што кожны з іх будзе гаварыць пра розныя перыяды творчай дзейнасці Міколы Гайдука. Сам факт, што так шмат дакладаў, кажа пра тое, наколькі цікавым чалавекам быў Мікола Гайдук, на колькі разнастайныя зацікаўленасці меў.
РР: Адметна, што ўсе гэтыя выступоўцы асабіста ведалі Міколу Гайдука, таму будзе частка не толькі навуковая, але і звязаная з успамінамі.
Андрэй Сцепанюк: Я думаю, што тут варта падкрэсліць не толькі навуковы падтэкст. Спава ў тым, што, каб захаваць у памяці Міколу Гайдука, трэба, каб людзі, якія яго памятаюць, нешта сказалі. Калі я запрашаю людзей, то паўстаюць розныя ўспаміны. Напрыклад, не толькі тыя, хто пра Гайдука чулі ад маці ці таты, што ён недзе там жыў, здымаў кватэру, я сам не хаваю таго, што шмат чаго можна будзе даведацца пра Міколу Гайдука. Мы падыходзім да яго, як да чалавека, які пакінуў такую літаратурную спадчыну, фальклорную спадчыну, а тут яшчэ трэба адкрыць яго, як чалавека.
РР: Што найперш трэба сказаць моладзі пра Міколу Гайдука?
Андрэй Сцепанюк: Калі казаць гэта ў нашым ліцэі, то трэба падкрэсліць, што гэта быў дырэктар нашага ліцэя. Калі казаць шырэй пра гэтую постаць, мы гэта робім на ўроках беларускай мовы, то гэта яго творчасць. Таксама хачу падкрэсліць яго зацікаўленне фальклорам, што ён ездзіў, збіраў фальклор. Мы намагаемся перадаць моладзі, што ён быў збіральнікам і захавальнікам нашай традыцыі. Вельмі важна паказаць чалавека, які не толькі быў засяроджаны на сваёй творчасці, але таксама хацеў захаваць спадчыну продкаў. Няхай маладыя людзі ведаюць, няхай таксама разумеюць, што гэта таксама іх абавязак.
Канферэнцыя ў гонар Міколы Гайдука пройдзе ў Беларускім ліцэі ў Бельску заўтра, а ў нядзелю - ўрачыстасці працягнуцца ў Міхалове. Яны пачнуцца а 9-ай гадзіне ў Царкве Святога Мікалая, апоўдні перанясуцца ў Майстэрню фільма, гуку і фатаграфіі.
З дырэктарам ліцэя Андрэем Сцепанюком гутарыла Яна Запольская.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vb.by