|
|
Беларуская песенная архаіка і раяль у стылі мадэрн, этна-джаз гучалі ў горадзе над Бугам.
У Берасцейскай абласной філармоніі свой першы сольны альбом “Этна-фантазія” прэзентавала беларуская спявачка, кампазітар, лідар музычнага гурту «Akana», голас і аранжыроўка праекта «Kazalpin» Ірэна Катвіцкая. Частка песен прагучала з удзелам музычнага ансамблю “МузАРТ”.
Ірэна Катвіцкая патлумачыла, што большая частка тэкстаў да песен узята з народных архіваў:
- Усе тэксты толькі народныя. Музыку стварае народ, а мы робім тое, што застаецца і што ў нас атрымліваецца. Матэрыял збіраўся апошнія некалькі год. Канешне, гэта не толькі экспедыцыйныя запісы. Большая частка – гэта архівы, якія былі назапашаны фалькларыстамі. Гэта Тамара Варфаламеева, Зінаіда Мажэйка – даволі вядомыя людзі, якія збіралі гэтую спадчыну, рабілі расшыфроўкі і публікавалі гэтыя зборнікі, дыскі.
Ірэна Катвіцкая адзначыла, што яна з 15 год вывучае і цікавіцца беларускімі народнымі спевамі. Творчасць і беларускія традыцыі сталі часткаю яе жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце