Яўген Вапа: І добра, што было 9 кандыдатаў, а не адзін-адзіны

Яўген Вапа: І добра, што было 9 кандыдатаў, а не адзін-адзіны


"Ганьба і сорам для ўлады і яе служак за жахлівы калядны і навагодні падарунак беларускаму народу, які яны здзейснілі 19 снежня 2010 г. у дзень праваслаўнага свята св. Мікалая"- так пачынаецца заява старшыні Беларускага саюза ў Польшчы, галоўнага рэдактара тыднёвіка “Ніва”, Яўгена Вапы, зробленая ў 3.35 раніцы пасля падзеяў у Мінску.

РР: Чаму была зроблена гэтая заява, гэта даволі моцныя словы, ці не пад уплывам эмоцыяў яны сказаныя?

- Гэта можа не столькі заява, колькі маё бачанне, таго, што адбылося. Падзеі вечара 19 снежня для нас як беларусаў, няважна, у якой краіне яны жывуць – неўспрымальныя. Гэта ганьба для ўсіх, хто кіруе дзяржавай, для ўсіх, хто гадамі прыкладаў руку да таго, каб сістэма, пабудаваная на падмане, на фальсіфікацыі выбараў надалей трымалася. І кожны, хто спрычыняўся да фальсіфікацыі выбараў – ці то просты старшыя сельсавета, ці высокаадукаваны дыпламат у дыпламатычных прадстаўніцтвах па-за межамі Беларусі, маюць на сваім сумленні пабітых і затрыманых, бо менавіта яны шляхам фальсіфікацыяў легітымізуюць уладу. Я заўсёды верыў і веру ў беларускі народ, і дзень 19 снежня мог стаць для нас нацыянальным святам, а кончыўся тым, што мы заўсёды будзем да яго адклікацца, як да нашай чарговай нацыянальнай траўмы.

РР: Што на вашу думку павінен зрабіць польскі ўрад у дадзенай сітуацыі?

- Я думаю трэба разбураць міфы, якія існавалі вакол гэтых выбараў. Я лічу міфам, які быў вызначаны ў еўрапейскай геапалітыцы і меў апраўдаць у “белых рукавічках” легалізацыю Аляксандра Рыгоравіча на далейшы ўдзел у “еўрапейскіх салонах” – гэта была справа адзінага кандыдата ад апазіцыі. Гэтая спроба давяла б толькі да таго, што няма іншага кандыдата апрача Лукашэнкі.

Я вельмі рады, і заўсёды пра гэта казаў, што ёсць дзевяць кандыдатаў, а не адзін. Па-першае: не можа быць так, каб адзіны кандыдат быў вылучаны праз Маскву ці Брусель, яго павінны абраць сам народ, і той адзіны кандыдат вылучыўся б натуральным чынам калі б быў другі тур і быў бы натуральна абраным кандыдатам ад апазіцыі. Па-другое: калі б не было дзевяці кандыдатаў, не было б гэтулькі людзей на Плошчы. Бо дзевяць кандыдатаў выкарысталі эфірны час у тэлебачанні 9 разоў, а не адзін, кандыдаты аб’ездзілі гарады і мястэчкі Беларусі ў такой колькасці, у якой адзіны бы не даехаў. Усе дзевяць заклікалі прыйсці на Плошчу – у іх была адзіная пазіцыя, і гэта для мяне самае галоўнае. Без дзевяці кандыдатаў не прыходзілі б на сустрэчы па 1000 чалавек, як напрыклад у Гродна; бо кандыдаты вакол сябе стварылі большыя ці меншыя выбарчыя штабы, у кожным раёне, у кожнай вобласці, а гэта ў беларускіх умовах і маштабах была вялікая колькасць людзей. Дзякуючы таму, што кандыдатаў было дзевяць, не быў рэалізаваны сцэнар адзінага кандыдата, які даў бы доказ, што адзіны чалавек, з якім можа гутарыць Еўропа – гэта Аляксандр Рыгоравіч. Нам маю думку, патрабаванне адзінага кандыдата – гэта міф, створаны на карыць пэўнай палітыкі.

Калі быў збіты Някляеў, на Плошчы знайшліся людзі, якія ўзялі на сябе далейшую адказнасць і павялі народ - была на плошчы пераемнасць. Калі казаць пра Еўропу, дык спадзяванні на тое што “воўк стане вегетарыянцам” не спраўдзіліся.

Цалкам гутарку слухайце ў прыкладзеным файле.

Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя