|
|
Cёння, 5 чэрвеня, Праваслаўная Царква ўшаноўвае памяць святой Еўфрасінні Полацкай, вялікай асветніцы і заступніцы Беларусі, першай усходне-славянскай святой жанчыны.
Нарадзілася Еўфрасінія, як Праслава, у першыя гады ХІІ стагоддзя ў сям’і полацкага князя Усяслава і княгіні Сафіі. У дзяцінстве яе выхаваўцамі былі полацкія манахі. Ва ўзросце 12 гадоў паступіла ў манастыр і патаемна прыняла манаскі пострыг з імем Еўфрасініі. У манастыры займалася перапісваннем кніг, сама пісала малітвы і казані, вяла перапіску з епіскапамі Кліментам Смаляцічам і Кірылам Тураўскім, а таксама з візантыйскім духавенствам.
Прыблізна ў 1128 годзе з дазволу полацкага епіскапа Ільі заснавала новы жаночы манастыр, а затым і мужскі Спаса-Еўфрасінеўскі. Абодва манастыры мелі багатыя бібліятэкі і сталі цэнтрамі культурнага жыцця. Пры іх існавалі багатыя бібліятэкі і дзейнічалі школы для самых таленавітых дзяцей. Еўфрасінія наогул гуртавала вакол сябе самых адукаваных людзей, адсюль яе лічаць першым мецэнатам асветы.
Менавіта па заказу Еўфрасінні мясцовы майстар-залатар Лазар Богша зрабіў у 1161 годзе надзвычай прыгожы шасціканцовы крыж. Паданне сведчыць: крыж свяціўся ў самай непрагледнай цемені, хворым вяртаў здароўе, знявераным і знясіленым – надзею на лепшае жыццё. Каб убачыць гэты цуд на свае вочы і пакланіцца яму, у горад над Заходняй Дзвіной зблізку і здалёку прыходзілі вернікі.
Крыж даўжыню меў 51 сантыметр. Да драўлянай асновы на пярэднім і адваротным баках былі прымацаваны залатыя пласцінкі, каштоўныя камяні, намаляваныя на шкельцах-эмалях выявы святых царквы. Гэтая святыня прапала ў гады Другой сусветнай вайны і існуе толькі яго сучасная копія.
Пад старасць рушыла ў пілігрымку ў Ерусалім. Па дарозе наведала Канстантынопаль, дзе яе прыймалі не толькі як заслужаную для Царквы, але і як княгіню. Памерла ў 1173 годзе ў манастыры каля Ерусаліма. Яе цела было перавезенае спачатку ў Кіеў, а ў 1910 годзе перанесенае ў Полацк.
Сёння – храмавае свята капліцы ў гонар Еўфрасінні Полацкай на праваслаўных могілках па вуліцы Баболі ў Беластоку.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя