Алесь Краўцэвіч: ВКЛ - гэта этап развіцця беларускай дзяржаўнасці

owy nośnik »» Алесь Краўцэвіч: ВКЛ - гэта этап развіцця беларускай дзяржаўнасці


Першая частка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага пабачыла свет у выдавецтве “Гарадзенская бібліятэка”. Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч кажа, што працаваў над гэтым выданнем каля дзесяці гадоў.

У гутарцы з Янай Запольскай аўтар заўважае, што гэта адна з найважнейшых ягоных працаў:

- Гэта кніжка - толькі пачатак вялікай сінтэзы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ад пачатку гаспадарства да канца гаспадарання Гедыміна, ахоплівае перыяд з 1248 па 1341 год. Яна задумвалася як падручнік, але з літаратурна апрацаваным тэкстам, забяспечаным поўным даведачным апаратам: імянны паказальнік, геаграфічны паказальнік, спіс бібліяграфіі, арыгінальная карта, распрацаваная паводле маіх дадзеных. Гэта таксама інфармацыйныя матэрыялы, уведзеныя ў сам тэкст у рамках. Там дзе ідзе гаворка пра нейкія канкрэтныя падзеі, ідзе ўстаўка з летапісу, якая пацвярджае, паказвае матэрыял, на падставе якога робіцца выснова і г.д.

Я стараўся зрабіць гэтую кніжку ў такім англа-саксонскім і раманска-фрацузскім стылі, каб тэкст быў цікавы. Прызнаюся, я шмат працаваў над стылем, уводзіў паўзабытыя архаічныя выразы, рабіў так, каб кожны сказ быў закончаны, каб чытач лёгка ўспрымаў інфармацыю – вучыўся гуляючы. Усё гэта ад пачатку скіравана на пашырэнне кола чытачоў. Мне хацелася, каб не толькі прафесійныя гісторыкі гэтым зацікавіліся, але і студэнты – там вельмі дэталёвая храналогія падзеяў, цытаты дакументаў, якія можна выкарыстаць у курсавых ці рэфератах. Каб кожны чалавек, які цікавіцца гісторыяй, сеў і чытаў, і яму хацелася чытаць. Гэта была мэта, наколькі яна дасягнутая – неўзабаве даведаемся.

РР: Павал Мажэйка, каардынатар серыі “Гарадзенская бібліятэка”, у якой выйшла гэтая кніга, сказаў, што Алесь Краўцэвіч прапануе іншы погляд на гісторыю, чым той, які ёсць у шматлікіх беларускіх гісторыкаў.

Алесь Краўцэвіч: Гісторыкі маюць праблемы з тым, каб бачыць гісторыю сваёй краіны са сваёй краіны. Усё прызвычаіліся з Масквы глядзець. Таму большасць гісторыкаў паказвае Вялікае Княства Літоўскае ў такім аспекце – беларускія землі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Я ж разглядаю Вялікае Княства Літоўскае як этап развіцця беларускай дзяржаўнасці. Несумненна, у гэтай дзяржаве сфармаваўся беларускі народ.Таму зразумела, што мы гэта павінны разглядаць у кантэксце агульнай беларускай гісторыі.

РР: Скажыце некалькі слоў пра аўтарскую карту, змешчаную ў кнізе.

Алесь Краўцэвіч: Яна зручная для карыстання, таму што яе можна разгарнуць, чытаць тэкст і звярацца з картай. Адметнасць карты ў тым, што яна не ўключае ў пачатковую тэрыторыю дзяржавы Жамойць, бо не было Жамойці ў пачатковым Вялікім Княстве Літоўскім. Яна была саюзнай тэрыторыяй і рэальна далучаная ў 1422 годзе.

РР: Дзе можна набыць кнігу?

Алесь Краўцэвіч: Кніга толькі выйшла, яна будзе прадавацца і ў інтэрнэтбібліятэках, ў кнігарнях Менска, спадзяюся, што і ў некаторых кнігарнях Гародні, на прэзентацыях. Ёсць яшчэ такая навінка - электронныя выданні, якія таксама можна купіць.

У планах Алеся Краўцэвіча – напісанне наступных частак гісторыі ВКЛ, прысвечаных Альгерду, Кейстуту, часам Ягайлы ды Вітаўта.

З гісторыкам гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя