Не стала Юрася Бушлякова

Не стала Юрася Бушлякова


Закаханы ў мову. Так калегі ўзгадваюць Юрася Бушлякова. Філолаг, педагог, журналіст «Радыё Свабода» пасля цяжкай хваробы памёр у Менску.

Доўгі час ён жыў у Празе, акрамя таго, што працаваў на радыё, некаторы час выкладаў беларускую мову замежным студэнтам у Карлавым універсітэце. Пра што распавядаў для перадачы “З Бацькаўшчынай у сэрцы” на нашым радыё. Для Юрася Бушлякова заўсёды былі актуальнымі пошукі беларускасці – гэты фрагмент з архіваў нашага радыё:

– Па-за маімі як радыйнымі, так і ўніверсітэцкімі сувязямі я меў усё ж такі ўдачу сустракаць такіх людзей. Неймаверна радаваўся. Адразу здаеш сабе справу, што гэта не зусім тыпова. Але сустракаешся з інжынерам, доктарам і ён табе расказвае, што 2 гады назад быў на фестывальным паказе, памятае пра перформансы Алеся Пушкіна. Прыемна.


Развітанне з Юрасём Бушляковым адбудзецца ў Менску заўтра з 13-й да 14-й гадзіны ў рытуальнай залі №1 па вуліцы Альшэўскага, 12. Беларускае Радыё Рацыя выказвае спачуванні родным і блізкім.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя


* * *

Пасля працяглай і пакутнай хваробы пайшоў з жыцця мовазнаўца і журналіст Юрась Бушлякоў. Сёлета яму споўнілася ўсяго 40 гадоў.

Юрась Бушлякоў быў адным з удзельнікаў працоўнай групы, якая ўкладала нормы класічнага правапісу беларускай мовы.

Як журналіст працаваў на Радыё 101,2, на Радыё Свабода, а таксама ў складзе першага калектыву Беларускага Радыё Рацыя. Гэта перыяд з 1998 па 2002 год, Юрась працаваў у Варшаве, Менску, часта наведваў рэдакцыю ў Беластоку, кажа старшыня Управы нашага радыё Яўген Вапа:

- Юрась Бушлякоў быў чалавекам вельмі сціплым, ветлівым, сардэчным. Ён заўсёды добра рыхтаваўся да сваіх перадачаў, да эфіру, ён быў проста добрым чалавекам, выдатным спецыялістам па мове. Самае важнае, што ён быў чалавекам, які хацеў, каб нашая мова была прэстыжнай, была даступнай і знаёмай кожнаму беларусу. 


Рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя выказвае спачуванні родным і блізкім Юрася Бушлякова.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Смерць Юрася Бушлякова боллю адгукнулая ў сэрцах тых, хто яго ведаў. Пасля працяглай хваробы мовазнаўца і журналіст пайшоў з жыцця. Сёлета 29 траўня яму споўнілася толькі 40 гадоў.

Нейкі час Юрась выкладаў культуру мовы ў Беларускім гуманітарным ліцеі, дзе пакінуў пасля сябе цёплыя ўспаміны як у калегаў, так і ў навучэнцаў, кажа намеснік дырэктара ліцэя Лявон Баршчэўскі:

- Нечаканая сумная навіна, бо я заўсёды ў Юрасю бачыў будучыню практычнага нашага мовазнаўства. Чакаў ад яго публікацый, слоўнікаў. Ён быў вельмі ўдумлівым чалавекам, які ўмеў слухаць, браць пад увагу нечую думку, разам з тым добра адукаваным, з лінгвістычнымі здольнасцямі. Вельмі вялікая страта.

Юрась Бушлякоў акрамя выкладчыцкай дзейнасці займаўся і журналістыкай - працаваў у незалежных СМІ, на Радыё Рацыя, апошнія дзесяць год — на Радыё Свабода.

Развітанне з мовазнаўцам і журналістам адбудзецца ў чацвер 6 чэрвеня з 13-й да 14-й гадзіны па адрасе Менск, вул.Альшэўскага, 12.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя