|
|
Інтэлектуальны часопіс “Архэ. Пачатак” рыхтуе да выхаду свае новыя нумары.
Пасля працяглага часу нявызначанасці, калі галоўны рэдактар Валеры Булгакаў быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай крымінальнага пераследу, існаванне самаго часопісу, які пазбавіўся рэгістрацыі, было пад пытаннем.
Як кажа Валеры Булгакаў, цяпер, калі сітуацыя змянілася, рэдакцыя вяртаецца да сваёй актыўнай працы:
- У нас падрыхтаваныя два нумары прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны ў Беларусі. Падрыхтаваны нумар прысвечаны гістарычнай палітыцы ў Беларусі, якім чынам фармуецца беларуская нацыянальная памяць, якім чынам беларусам насаджаецца, навязваецца пэўнае ўяўленне пра беларускую мінуўшчыну. Летась выйшаў паспяховы нумар прысвечаны Палессю, зараз мы рыхтуем наступны. Мы рабілі нумары прысвечаныя паасобным гарадам Беларусі і сумежных краінаў, таксама рыхтуецца Віцебскі нумар.
Рэдакцыя таксама адсочвае публікацыі заходніх навукоўцаў, якія пішуць на беларускую тэматыку, і будзе рабіць іх пераклады.
Валеры Булгакаў быў затрыманы летась у верасні ў час прэзентацыі ў Гародні, яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Нядаўна стала вядома, што справа на Булгакава не была заведзена.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя