На адным з участкаў Мінска правядуць перападлік галасоў
На выбарчым участку № 104 Маскоўскага раёна Мінска будзе праведзены пералік бюлетэняў для галасавання. Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік.
Паводле яго слоў, адпаведнае рашэнне прыняла 21 снежня ЦВК. Назіральнікам на гэтым участку працаваў Юры Чавусаў, яго аднак ЦВК не паведаміла пра плянаваны перападлік галасоў. Тым не менш Юры Чавусаў адзначыў што на гэтым участку зафіксавана шмат парушэнняў.
- Аніякай інфармацыі пра тое а каторай і куды мне прыехаць я не ведаю, але заўтра я збіраюся быць на гэтым перападлікам. Былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні ў тым ліку парушэнні, якія зафіксаваў сябра камісіі ад апазіцыйнай партыі. Пры падліку галасоў высветлілася, што выдадзена 1900 бюлетэняў, а ў скрынях для галасавання было знойдзена 1500. Амаль пяцьсот бюлетэняў па звестках камісіі проста зніклі. Гэта было ўскоснае сведчанне маніпуляцыі з бюлетэнямі і з вынікамі галасавання.
Пералік бюлетэняў будзе праходзіць 22 снежня ў прысутнасці прадстаўнікоў раённых і Мінскай гарадской выбарчых камісій.
Лазавік адзначыў, што пералік галасоў на адным участку не зможа паўплываць на вынікі выбараў у цэлым па краіне.
Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.