Навуковая канферэнцыя, прысвечаная паўстанню 1863 года ў Гародні

Навуковая канферэнцыя, прысвечаная паўстанню 1863 года ў Гародні


Навукова-папулярная канферэнцыя “Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне: у навуковых даследваннях і памяці народаў” з удзелам гісторыкаў і краязнаўцаў з Беларусі і Польшчы пройдзе 25-26 траўня. Гэта чарговае з шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да 150-х угодкаў нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Такі фармат канферэнцыі на думку гісторыка Алеся Краўцэвіча цікавіць значную частку гарадзенцаў.

– Гэта мне здаецца вельмі цікавы фармат, таму што гістарычная навука, якая не мае на мэце дайсці да людзей – гэта навука проста ялавая, яна ў пустэчу, яна да саміх гісторыкаў. Яны бавяцца ў навуку самі з сабой. А вось калі прыцягваць шырэйшае кола: краязнаўцаў, аматараў, зацікаўленых і нават даваць ім слова, гэта ёсць праўдзівая гістарычная навука. І яна выконвае сваю асноўную функцыю – гістарычную асвету грамадства.

Канферэнцыя арганізавана супольнымі намаганнямі "Гарадзенскай Бібліятэкі", Консульства РП у Гародні і Польскага Інстытута ў Менску. У часе канферэнцыі пройдзе дыскусія навукоўцаў "1863 год - канец Рэчы Паспалітай ці пачатак Беларусі?", а таксама круглы стол краязнаўцаў Гарадзеншчыны "Памяць Паўстання 1863 года на Гарадзеншчыне: як мы ўшаноўваем памяць герояў".

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя