Як ажывіць літаратурную дзейнасць краіны?

Як ажывіць літаратурную дзейнасць краіны?


Як павялічыць у Беларусі колькасць літаратурных прэмій як матывацыю да творчасці і павышэння якасці працы? Якім чынам выглядае працэс перакладу беларускіх твораў на мовы іншых краінаў? Адказы на такія пытанні мы папрасілі даць паэта, перакладчынка, старшыню ПЭН-цэнтра ў Беларусі Андрэя Хадановіча. На думку творцы, сучасная літаратура можа знайсці сваіх чытачоў і слухачоў у Інтэрнэце.

Андрэй Хадановіч: Перш за ўсё – бурыць гэты недарэчны стэрэатып, што добрая беларуская літаратура – мёртвая беларуская літаратура, што беларускія літаратары даўно памерлі. Сёння інтэрнэт – гэта нармальны адказ на цэнзуру, якая існуе ў Беларусі, на маленькую колькасць часопісаў, дзе можна друкавацца. Сёння магчымасці інтэрнэту дадаюць паэту, не толькі паэту, але асабліва паэту дадатковыя магчымасці. Таму што ён не толькі можа змяшчасць свой тэкст. Ён можа змяшчасць у музыкальным фармаце, як гэта робіць Павал Анціпаў у сваім праекце «Літаратурнае радыё». Мы можам беларускіх паэтаў і перакладчыкаў беларускай паэзіі, празаікаў ад Рыгора Барадуліна і Васіля Сёмкіна да маладзейшых паэтаў пачуць жывым голасам. Другая спроба – можам пабачыць проста сам выступ, само чытанне верша як перформанс. Таксама дзякую, што ёсць Віталь Рыжкоў і праводзіць такі праект «Чорна-белыя вершы». Мы можам на ютубе пабачыць, як беларускі паэт часам эфектна, часам глыбакадумна, рафінавана, камерна або, наадварот, правакатыўна чытае сваю паэзію. Жэсты, міміка, голас, інтанацыя – усё гэта частка тэксту, і гэтага ў кнізе няма. Інтэрнэт перадаць гэта дазваляе. Ва ўмовах маргіналізацыі літаратуры ў свеце і беларускай мовы ў Беларусі трэба выкарыстоўваць кожны спосаб як трамплін.

РР: У Беларусі літаратурных прэмій на сённяшні дзень адзінкі, але гэта добрая матывацыя для таго, каб старыя і маладыя аўтары нешта далей пісалі, развіваліся. Як развіць гэты кирунак?

Андрэй Хадановіч: Так, як мы і робім, напрыклад, у ПЭН-клубе ў Саюзе незалежных пісьменнікаў. Мы бяром і засноўваем новыя ўзнагароды. Тры гады таму дзякуючы мецэнату Паўлу Бераговічу з’явілася прэмія «Дэбют імя Багдановіча». Ажно ў трох намінацыях – і для паэтаў, і для празаікаў, і для перакладчыкаў. Яшчэ раней з’явілася прэмія часопіса «Прайдзісвет». Яна толькі для перакладчыкаў у розных намінацыях. Крыху пазней апошнія два гады функцыянуе вельмі важнае, магчыма, самае важнае на сёння ў Беларусі прэмія для празаікаў імя Ежы Гедройца. Гэта сумесны беларуска-польскі праект. Некалькі тыдняў таму, але я не ведаю, ці трэба гэтым ганарыцца, хучэй трэба пра гэта з сумнай іроніяй казаць, з’явілася турэмная прэмія. Гэта прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. На жаль, гэта актуальна. На жаль, сёння гэта патрэбна, бо дапаможа не толькі аўтара падтрымаць у складанай сітуацыі, але і прыцягнуць увагу грамадства да праблемы. Магчыма, мы яшчэ атрымаем па вушах за сваю самадзейнасць.

РР: Вы актыўна займаецеся перакладамі. У чым асабліваць перакладу з беларускай мовы, да прыкладу, на мовы Еўразвяза?

Андрэй Хадановіч: Прытрымліваюся старамоднай тэорыі, што тут перакладаць можна толькі на мову, на якой думаеш, на тую мову, якую найлепей ведаеш. У выпадку беларуса гэта могуць быць родныя ім беларуская, руская, наўрад ці большая колькасць. Ды я не веру ў пераклады выкладчыкаў лінгвістычнага ўніверсітэта ў замежны бок. Калі Рыгора Барадуліна намінавалі на ўзнагароду, то я думаю, што мы хутчэй мядзвежую паслугу яму зрабілі, не скантактаваўшыся з паэтам высокай велічыні, якім-небудзь англамоўным, зрабіўшы яму падрадкоўнікі ды патлумачыўшы падводныя камяні, што і як трэба. Але гэта быў адзіны шлях. Мы ператварылі цуд у абы-што. Любы верш, напісаны на мове, якой ты не думаеш, ператворыцца ў абы-што з непазбежнасцю. Таму, калі казаць пра мовы Еўразвяза, я б ім нават не абмяжоўваўся, хай гэта будуць нават японская, кітайская мова. Шлях адзіны – выхоўваць шляхам кантактаў і ўкладання часу, інфармацыі, грошай і гэтак далей у перакладчыкаў у гэтых краінах. На сёння яшчэ можна там паэзію перакладаць тандэмам, то бок два паэты збяруцца, патлумачаць адзін аднаму, і гэта будзе такі пераклад пераходнага перыяду. Гэта значыць, што трэба сёння думаць, у якім стане беларусістыка ў Польшчы, у Нямеччыне і так далей. Трэба думаць, кантактаваць з хлопчыкам ці з дзяўчынкаю, якая праз 10 гадоў мае шанец стаць прафесійным перакладчыкам Быкава і Караткевіча альбо, наадварот, Федарэнкі і Бахарэвіча.

Як падкрэсліў Андрэй Хадановіч, на мовы іншых краінаў свету ў першую чаргу варта перакладаць Васіля Быкава і Уладзіміра Карактевіча.

Гутарка з Андрэем Хадановічам была зробленая ў рамках Дзён беларускай і шведскай літаратуры.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя