Затрыманне і збіццё актывістаў у Брэсце


Зміцера Шурхая, Юрыя Бакура і Андрэя Шарэнду затрымалі і даставілі ў Маскоўскі РАУС. Актывістам загадалі выключыць тэлефоны, ніякіх тлумачэнняў пакуль праваахоўныя органы не далі.

Падзеі разгарнуліся на вуліцы Маскоўскай у палову на 23-ю гадзіну. ДАІ спыніла аўтамабіль, у якім знаходзіліся актывісты, пасля чаго яго блакавалі супрацоўнікі міліцыі.

Зміцер Шурхай, старшыня арганізацыйнага камітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, які ахоўваў экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага ў Мінску ў момант акцыі пратэсту, здолеў збегчы ў бліжэйшыя двары, але там быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, збіты і ў наручніках дастаўлены ў аддзяленне.

Юры Бакур і Андрэй Шарэнда заставаліся на месцы і па загадзе супрацоўнікаў праваахоўных органаў накіроўваліся ў пастарунак.

Праваабаронца Раман Кісляк упэўнены – усё падобнае на тое, што актывістаў, мінімум, будуць трымаць усю ноч, калі справы не будуць разгортвацца далей.

Магчыма, затрыманні звязаныя і з тым, што заўтра на свабоду выходзіць Віктар Чайкоўскі, актывіст прадпрымальніцкага руху, давераная асоба экс-кандыдата Мікалая Статкевіча, у сувязі з чым планаваліся мерапрыемствы па яго сустрэчы каля ізалятара.

Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя