|
|
Баранавіцкія чыноўнікі засакрэцілі лёс будынка былога дома піянераў, які ўваходзіць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Будынак быў выстаўлены на продаж, аднак, каму яго прадалі - невядома, кажа намесніца галоўнага рэдактара газеты “Intex-press” Анжэла Белуш. Назваць пераможцу аўкцыёна адмаўляюцца са спасылкай, што на заканадаўчым роўні не замацавана «неабходнасць публікаваць інфармацыю пра яго ўдзельнікаў і пераможцаў”.
- Яны гавораць, што не павінны агучваць гэтую інфармацыю, хоць на наш погляд – гэта грамадска важная інфармацыя. Гэта гістарычны помнік і невядома, што там будзе і як будзе выкарыстоўвацца гэты гістарычны помнік. Яны не даюць інфармацыю, таму што, магчыма, уладальнік супраць таго, каб пра гэта ведалі, нейкая камерцыйная тайна. Хоць мы лічым, што ніякай камерцыйнай тайны там быць не можа.
Пагроза скарачэнняў чыноўнікаў яшчэ больш «закрыла» іх ад журналістаў недзяржаўных СМІ. «У Баранавічах пытанне з атрыманнем інфармацыі заўсёды стаяла востра», - зазначае Анжэла Белуш. Паводле журналісткі, «чыноўнікі ставяцца з асцярожнасцю да прадстаўнікоў незалежных СМІ».
Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vaga-land.livejournal.com