|
|
Новая кніга празаіка Барыса Пятровіча (Сачанкі) пад назвай “Спакушэнне” выйшла днямі ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор”. Зборнік склалі найлепшыя апавяданні з усяго творчага набытку пісьменніка, выбранае з кнігаў "Ловы", "Сон між пачвар", "Фрэскі", "Шчасьце Быць...", а таксама кароткая проза напісаная ў апошні час.
Паводле анатацыі “героі твораў балансуюць на мяжы явы і сну, адчаю і надзеі, мінулага і будучыні, хаосу і гармоніі, кахання і...”
З 1 чэрвеня зборнік “Спакушэнне” можна будзе купіць у кнігарнях.
Урывак з кнігі «Спакушэнне»
(апавяданне “Неба пад нагамі і вакол”)
“Найпрасцей у падобных выпадках рабіць гэта не сур’ёзна, а паўжартам. Я падышоў да вакна, адкінуў фіранку і спытаў у Арыны:
— Ты ведаеш, дзе я жыву?
— Не.
— Вунь гарыць маё вакно.
— Дзе?
— Зірні. У доме насупраць. На сёмым паверсе.
— Дык ты маніў, што жывеш адзін?
— Я казаў праўду: я жыву адзін. Паглядзі, якое вакно самотнае...
— А чаму ж святло гарыць, калі там нікога няма? Склероз?
— Я спецыяльна святло пакінуў, каб быў мне арыенцір. Я пайду зараз дамоў напрасткі, з твайго вакна...
Арына засмяялася:
— Дзіўны вы народ, мужчыны, чаго толькі не прыдумаеце, абы здавацца ў вачах жанчыны героямі, ці хоць бы не звычайнымі, не з-пад плоту...
— А давай пойдзем у заклад, што я вярнуся дамоў проста з твайго вакна...”
Прэсавая служба СБП