|
|
У Варшаве прэзентуюць кнігу “Жыццё пасля турмы”
У польскай сталіцы адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Аляксандра Тамковіча пра лёс былых палітвязняў.
“Беларускі дом інфармацыйны” і сайт “Хартыя'97” запрашаюць на сустрэчу з беларускім незалежным журналістам Аляксандрам Тамковічам і на прэзентацыю яго новай кнігі “Жыццё пасля турмы”, якая выйшла пры інфармацыйнай падтрымцы праваабарончага цэнтра “Вясна”, кажа судырэктар “Беларускага дому” ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:
- Кніга называецца “Жыццё пасля турмы”, яна прысвечана ўсім асобам, якія патрапілі пад рэпрэсіі ў 2010 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адседзелі турэмныя тэрміны ў следчым ізалятары КДБ, альбо ў іншых вязніцах Беларусі, якія выйшлі і працягваюць грамадскую, журналісцкую, палітычную дзейнасць. Прэзентацыя пачнецца а 17-й гадзіне ў “Беларускім доме” ў Варшаве. На прэзентацыю запрошаныя героі кнігі Наталля Радзіна, Улад Кобец, Аляксандр Атрошчанкаў.
Кніга “Жыццё пасля турмы” Аляксандра Тамковіча складаецца з 27 нарысаў і гутарак з удзельнікамі трагічных падзеяў 19 снежня 2010 года, якія пасля брутальнага разгону “Плошчы” трапілі за краты следчых ізалятараў, а таксама з іх роднымі і блізкімі.
Кніга праілюстравана ўнікальнымі фотаздымкамі з сямейных альбомаў. Усе здымкі будуць прадэманстраваны і падчас прэзентацыі. У кнізе можна знайсці адказ на пытанне, як і чым жывуць “дзекабрысты” праз два гады пасля заключэння.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя