Пачаўся IV Варшаўскі кніжны кірмаш

Пачаўся IV Варшаўскі кніжны кірмаш


У сьпісе ўдзельнікаў амаль 500 фірм з Польшчы й замежжа, у праграме таксама больш за 650 мерапрыемстваў. Амаль 500 удзельнікаў з 18 краін сьвету будуць прыцягваць увагу наведвальнікаў высокімі скідкамі на літаратурныя навінкі, прысутнасьцю вядомых і любімых аўтараў, а таксама тэхналягічнымі цікавінкамі.

IV Варшаўскі кніжны кірмаш зьяўляецца падзеяй сусьветнага маштабу. Чалец упраўленьня кірмашу Рафал Скомпскі кажа, што госьці кірмашу змогуць пазнаёміцца з найлепшым у польскай літаратуры. Паводле яго, кірмаш служыць найперш папулярызацыі чытаньня, а не выдавецтваў.

Р. Скомпскі: Для чытача бывае істотным тое, хто выдаў кнігу, але гэта дадатковая інфармацыя. Усё ж самае важнае, што ёсьць кніга канкрэтнага аўтара, чаканага зьместу, а чытач хоча сягаць па такую кнігу. Таму для нас галоўнае – папулярызацыя чытаньня кніг. Кірмаш таксама паказвае, што можна цягам чатырох дзён дакрануцца да самых важных падзей, якія цягам году адбываюцца вакол кнігі. Акрамя абвяшчэньня пераможцаў конкурсу рэпартажу імя Рышарда Капусьціньскага на кірмашы таксама будуць абвешчаныя намінацыі да важных літаратурных прэмій – “NIKE”, “Гдыня”, “Ікара” – гэта ўзнагарода выдаўцоў. Многія падзеі, якія трываюць цягам году, на кірмашы перажываюць сваю кульмінацыю. Пройдуць сустрэчы з усімі ляўрэатамі Варшаўскай літаратурнай прэміі. Такім чынам наведвальнікі кірмашу даведаюцца максымальна шмат пра тое, што адбываецца ў літаратуры, выдавецтвах. Але відаць найбольш захапляльнае – гэта сустрэчы з аўтарамі. Больш за 500 аўтараў будуць падпісваць свае кнігі, праводзіць сустрэчы з чытачамі.

Сёлета кірмаш адбываецца на Нацыянальным стадыёне. Чалец упраўленьня кірмашу Тадэвуш Гурны кажа, што зьмена месца была патрэбнай, паколькі падчас папярэдніх кірмашоў звычайна не хапала месца.

Т. Гурны: Гэта месца, якое дае нам шмат новых магчымасьцяў. Наведвальнікам кірмашу значна аблегчаны доступ да кнігі. З пашанай да традыцыі, усё ж трэба сказаць, што ў Палацы навукі й культуры людзі праходзілі міма кірмашу, хоць фізычна там знаходзіліся. Доступ да кніг быў вельмі цяжкім.

Дасьледаваньні паказваюць, што вельмі мала палякаў чытае кнігі, а тым больш іх купляе. Адначасова вырасла колькасьць наведвальнікаў бібліятэк. Рафал Скомпскі прызнае, што прычынай можа быць цана кніг.

Р. Скомпскі: Гэта пэўны сыгнал, што кніга дарагая. Мы, выдаўцы, пра гэта ведаем і не падымаем цаны толькі таму, што хочам зарабіць. Як правіла, выдавецтвы працуюць зь мінімальным прыбыткам. Цану кнігі дыктуюць умовы й тое, што тыражы з кожным разам усё ніжэйшыя. Мы ў Польскім выдавецкім інстытуце выдаем кнігі сярэднім тыражом 1,5-2,5 тысячы. Гэта няшмат, таму цана кнігі высокая. Пра зьніжэньне чытаньня сярод палякаў трэба гаварыць у эўрапейскім кантэксьце. Так адбываецца ў цэлай Эўропе. Але, напрыклад, у скандынаўскіх краінах гэты спад адбываецца са значна вышэйшага ўзроўню, таму ён ня так адчувальны. Таксама варта браць пад увагу тое, што адбываецца вакол нас – новыя тэхналёгіі, якія адрываюць нас ад чытаньня кніг.

IV Варшаўскі кніжны кірмаш будзе доўжыцца да 19 траўня. У сьпісе аўтараў, між іншым, аўтар швэдзкіх крыміналаў Андэрс дэ ля Мотэ, гішпанскі аўтар Жаўмэ Кабрэ, вядомая пісьменьніца для маладых Кэлі Макэйн. Гэта, канешне, мноства польскіх аўтараў, між іншымі, Ганна Краль, Юлія Хартвіг, Юзэф Хэн, Яанна Хмелеўска, Раман Класоўскі, Яланта Квасьнеўска, Юліюш Махульскі, Томаш Сэкельскі ды многія іншыя.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё