|
|
Пад адной вокладкай выйдзе каля сотні вершаў народнага паэт, а таксама яго нататкі, малюнкі, успаміны, неапублікаваныя дагэтуль здымкі
Кніга, якая рыхтуецца да друку, зьбярэ творчую й эпісталярную спадчыну паэта за апошні 61 год. Унікальнасьць кнігі яшчэ і ў тым, што ў ёй не будзе ніводнай друкаванай літары, усё ад пачатку да канца – рукою Барадуліна.
Скарбы да будучай кнігі ў нататніках народнага паэта знай шоў журналіст і паэт Глеб Лабадзенка. Самы раньні запіс датуецца 1951 годам. Адбор матэрыялаў пакуль не скончаны. Адсканавана некалькі соцень вершаў. Але ў кнігу ўвойдзе каля сотні.
Г. Лабадзенка: Найперш гэта нейкі суб’ектыўны выбар, тое, што мне падабаецца, тое, што найбольш прыйшлося да сэрца. Калі сярод вершаў трапляюцца творы, якія ўжо даўно сталі вядомымі альбо трапілі ў школьную праграму, то яны безумоўна трапяць у кніжку.
У нататніках дзядзькі Рыгора, апрача вершаў, патрапляюцца малюнкі ўнучкі Дамінікі. Гэта нататнікі 90-ых гадоў. Рыгор Барадулін часта таксама запісваў цытаты Васіля Быкава з тэлефонных размоваў.
Г. Лабадзена: Да гэтага дзядзька Рыгора запісваў у нататніку словы сваёй мамы, якія яму раптоўна прыходзілі. Ён мог узгадаць іх падчас пісаньня верша й дадаць: “а вось так казала мама”. Таксама ён апісваў павадкі ката Мірона, якому прысьвяціў не адзін верш. Тое самае зь цяперашнім катом Рысікам. Дзядзька Рыгор часам натуе назіраньні за карцінамі з натуры.
Гэтыя зацемкі Глеб хоча ўставіць паміж вершамі, каб яны аздаблялі й стваралі антураж нататнікаў народнага паэта.
У кнізе не будзе ніводнага друкавана слова. Яна будзе нагадваць “Дзіцячую заМову” Лабадзенкі, дзе пад грубай кардоннай вокладкай, тэкст напісаны на шэрай паперы ад рукі. У кніжку Барадуліна ўвойдуць яго арыгінальныя рукапісныя нататкі. Часьцей за ўсё Барадулін спачату накідваў нейкі верш, крэмзаў, дадаваў, перапраўляў нешта, а потым на наступнай старонцы перапісваў яго на чыставую.
Г. Лабадзенка: Гэтыя чыставікі, а часам і чарнавікі, там дзе яны выклікаюць цікавасьць, будуць прыведзеныя ў кнізе. Спэцыяльна для кнігі ён нічога перапісваць не будзе. Нават найноўшыя вершы зь 2013 году я ўзяў такімі, якія яны ёсьць, не прымушаючы іх перапісваць.
Кніга будзе прыблізна фарматам А5. На яе можна загадзьдзя падпісацца, выдадзена яна будзе талакою.
Г. Лабадзенка: Кнігу трэба выдаваць для тых, каму яна трэба. На сваім сайце www.labadzenka.by я адкрыў папярэднюю падпіску. Людзі, якія хочуць займець колькі асобнікаў, дэкляруюць гэтае жаданьне. Як толькі кніжка выйдзе, то яны адразу яе атрымаюць. Кніга будзе прадавацца праз сайт imbryk.by зь мінімальнай нацэнкай. У кнігарні пакупнікам давядзецца заплаціць за яе на 30% даражэй. Таму заклікаю тых, хто хоча яе мець, наперад падпісацца.
Прыбытак ад кнігі будзе перададзены Рыгору Барадуліну. Кніга павінна пабачыць сьвет цягам лета.
Дзьмітры Гурневіч