Дні беларускай культуры ў Варшаве

Дні беларускай культуры ў Варшаве


Дні беларускай культуры ўрачыста пачаліся ў Варшаве канцэртам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча.

У перапоўненай залі можна было пабачыць прыхільнікаў беларускай культуры розных узростаў ды нацыянальнасцяў. Галоўны госць канцэрта - беларускі спявак Пётр Елфімаў, які праспяваў беларускія ды польскія хіты. Па словах адной са слухачак канцэрта Ганны Таранты, канцэрт атрымаўся, прыемна было пачуць беларускую мову.

- Напэўна, ёсць дні беларускай культуры на розных узроўнях. Думаю, што такія дні патрэбныя ўсім. І варта, каб не толькі тут было так шмат асобаў з гальштукамі. Лепш, каб да гэтай вышэйшай культуры мелі большы доступ такія маладыя людзі, як мы.

Мерапрыемства ладзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і амбасадай Беларусі ў Польшчы. У межах дзён беларускай культуры таксама плануецца выступ Беларускага ансамбля "Купалінка", канцэрт “Песняроў”, адбудуцца выставы выяўленчага мастацтва сучасных беларускіх мастакоў, прэзентацыі Мірскага і Нясвіжскага замкаў, у Белавежы пройдзе беларускае Купалле ды шмат іншага па ўсёй Польшчы.

Вікторыя Сцяпановіч, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя