|
|
Сучасны музэй не можа быць нудны, ён павінен натхняць, прымушаць думаць
Карэспандэнт Польскага радыё пабываў у адным з найсучасьнейшых музэяў сьвету.
Польшча стагодзьдзямі была домам найбуйнейшай габрэйскай дыяспары сьвету. Тысячагадовая гісторыя гэтага народу на польскіх землях пакінула трывалыя сьляды ў культуры, мове, эканоміцы, мастацтве, звычаях і кухні палякаў і габрэяў.
Галакост, у якім загінула 90% польскіх габрэяў, пакінуў пустку ў гэтай шматвекавой гісторыі. Вяртаньнем палякам габрэйскай спадчыны займаецца Музэй гісторыі польскіх габрэяў, які некалькі тыдняў таму адкрыўся ў Варшаве.
Новы варшаўскі музэй – гэта адзін з самых сучасных музэяў сьвету. Традыцыйная музэйная справа спалучаецца ў ім з сучаснай адукацыяй. Падобных устаноў на сьвеце ёсьць некалькі: Музэй Галакосту ў Вашынгтоне, Яд Вашэм у Тэль-Авіве й Габрэйскі музэй у Бэрліне.
Да вайны ў Польшчы жыло каля 3,3 млн. габрэяў, гэта было каля 10% насельніцтва краіны. У Варшаве габрэйская грамада складала траціну жыхароў сталіцы. Гаворыць супрацоўнік музэя Альбэрт Станкоўскі.
А. Станкоўскі: Гэтыя людзі пакінулі пасьля сябе велізарную спадчыну, але зь іншага боку - вялікую пустку. Зь некалькіх мільёнаў габрэяў у Польшчы засталося ўсяго ад 5 да 10 тысяч чалавек.
У маладога паляка няма практычна ніякіх шанцаў пазнаёміцца з габрэйскай культурай. Большасьць гэтай спадчыны ў выніку ваенных дзеяньняў, а таксама ў часы камунізму, была амаль цалкам зьнішчаная.
А. Станкоўскі: Але нягледзячы на гэта, тэма габрэяў у Польшчы вельмі жывая. Калі мы заглянем у Інтэрнэт, на публікацыі, на колькасьць кніг, то можна прыйсьці да высновы, што ўзьнікла цэлая мода на знаёмства з габрэйскай гісторыяй.
Галоўная экспазыцыя музэя адчыніцца ў наступным годзе. Над яе канцэпцыяй працавала каманда 120 гісторыкаў з усяго сьвету. Але стэндаў з арыгінальнымі прадметамі ў музэі шукаць дарэмна. “Гэта музэй не пра прадметы, а пра людзей,” – кажа сп. Станкоўскі.
А. Станкоўскі: Калі мы будзем распавядаць пра Сярэднявечча, то пакажам манэту дэнар з эпохі Мешка І, на якой былі габрэйскія літары. Праз манэту мы распавядзем гісторыю гандлю, перамяшчэньня. Прадмет будзе ўсяго толькі правакаваць да расповяду пра гісторыю людзей. Мы будзем шырока выкарыстоўваць мультымэдыі: кампутары, Інтэрнэт, аплікацыі для смартфонаў, аўдыёправаднікі па габрэйскіх мясьцінах у Варшаве. Сучасны музэй не павінен быць нудны, ён павінен натхняць, прымушаць думаць.
Інтэрактыўныя экспазыцыя распавядзе пра тысячагадовую гісторыю габрэяў на польскіх землях – ад першых пасяленцаў да сёньняшняга дня. Наведнікі выставы змогуць пашпацыраваць па даваеннай габрэйскай вуліцы, пабываюць у габрэйскім раёне Кракава Казімежы, а таксама на рынку мястэчка з XVII ст.
Экспазыцыя пачнецца ў магічным Лесе, дзе прагучыць легенда аб першых габрэях на польскіх землях. Галерэя Першая сустрэча распавядзе пра часы Сярэднявечча. Наступная частка экспазыцыі Paradisus Iudaeorum распавядзе пра XVI ст., якое было пэрыядам найбуйнейшага росквіту габрэйскай навукі й культуры. Чарговыя галерэі пазнаёмяць са штодзённым жыцьцём габрэйскага мястэчка, міжваенным пэрыядам, Галакостам і пасьляваеннымі гадамі.
А. Станкоўскі: Сёньня роля музэяў зусім іншая, чым калісьці. Музэй павінен адукаваць, прапаноўваць доступ да культуры. Гэта месца правядзеньня вольнага часу. Гэта месца, куды можна пайсьці зь дзецьмі й дзе гэтым дзецям будзе цікава. Калі маладыя людзі ад самага пачатку не будуць праводзіць час з культурай, то пазьней яны проста ня будуць яе адчуваць.
Музэй ужо сёньня праводзіць мноства адукацыйных варштатаў. У будынку ёсьць вялікая колькасьць найсучасьнейшых заляў. Заняткі адбываюцца таксама на тэрыторыі раёну Муранаў, дзе знаходзіцца музэй. Папулярнасьць такіх варштатаў сярод моладзі неверагодная. Цягам двух дзён пасьля адкрыцьця музэй наведалі 17 тысяч чалавек. У ім адбываюцца канцэрты, спэктаклі, лекцыі, канфэрэнцыі, сустрэчы са сьведкамі гісторыі. Музэй супрацоўнічае з Унівэрсытэтам ІІІ-га узросту, адукацыйнай установай для людзей старэйшага ўзросту. Прыходзіць шмат пажылых людзей, якія хочуць супаставіць свае стэрэатыпы пра гісторыю габрэяў у Польшчы з рэальнай гісторыяй. Для самых маленькіх наведнікаў у музэі дзейнічае інтэрактыўная гульнявая пляцоўка “Балаган”. Пачынаючы з 3 гадоў можна паўдзельнічаць у варштатах паводле пэдагагічнай думкі Януша Корчака.
А. Станкоўскі: Ужо некалькі гадоў музэй праводзіць шэраг праектаў у Інтэрнэце. Адзін зь іх – “Віртуальны штэтль” (sztetl.org.pl), які вельмі актыўна дзейнічае ў Беларусі. Ён прысьвечаны гісторыі лякальных гарадоў і мястэчак. Другі праект – “Цэнтральная база юдаікаў”, дзе мы зьбіраем і лічбуем габрэйскую спадчыну з усёй Польшчы. Чарговы праект прысьвечаны польскім Праведнікам сьвету. Гэта гісторыі палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас ІІ сусьветнай вайны.
Альбэрт Станкоўскі кажа, што з шавінізмам і нэанацызмам, які ня зьнік пасьля вайны й раз-пораз дае пра сябе знаць у розных частках сьвету, можна змагацца толькі праз адукацыю. Але ён зазначае, што музэй у Варшаве – гэта не Музэй Галакосту, і распавядае, што падчас усталяваньня краевугольнага камня музэя галоўны рабін Ізраіля сказаў: “Мы хочам даведацца, як людзі жылі, а ня толькі пра тое, як паміралі”.
Альбэрт Станкоўскі не хавае, што адна з задач музэя – разбурыць папулярны на Захадзе стэрэатып паляка-антысэміта.
А. Станкоўскі: У кожным народзе ёсьць добрыя людзі й так званае шалупіньне. Мы не саромеемся пра гэта казаць. Польшча дарасла да таго, каб гаварыць пра тое, што яшчэ ў часы камунізму лічылася сарамлівым. Бяз праўды няма свабоды, як казаў кіраўнік паўстаньня ў варшаўскім гета Марэк Эдэльман. Пра цёмныя старонкі гісторыі варта гаварыць, бо гэтая памяць і так дзесьці жыве і ў пэўным моманце усё роўна выйдзе на паверхню. Сёньня наша задача – стварыць такі клімат паміж нашымі народамі, каб для стэрэатыпаў не засталося месца.
Архітэктура музэю ўражвае. Яго збудавалі паводле праекту фінскага архітэктара Райнэр Махламакі. Ён злучыў у будынку спэктакулярнасьць і практычнасьць. Звонку музэй выглядае як неабчэсаны камень са шклянымі панэлямі. Унутры музэю пануе незвычайны дынамізм: хвалістыя сьцены, мост, які ўзносіцца над пагоркам і выконвае функцыю злучніка. Будынак знаходзіцца пасярод былога варшаўскага гета, побач з помнікам Героям гета.
Будова музэю каштавала 300 млн. злотых. Гэта сродкі польскай дзяржавы й замежных ахвярадаўцаў.
Дзьмітры Гурневіч