Лідары апазіцыі заклікаюць прыйсці на Акрэсціна
Лідары апазіцыі заклікаюць а 18-й гадзіне прыйсці да турмы на Акрэсціна. Прадстаўнікі партый і арганізацый называюць пратэст супраць фальсіфікацый неад’емным правам грамадзянаў, а небывала жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрантаў – злачынствам, за што павінны панесці пакаранне службовыя асобы.
Апроч гэтага лідары дэмакратычных сіл аб’яўляюць пра збор сродкаў для аплаты перадач і адвакатаў затрыманым. Па словах старшыні руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, лёс зняволеных залежыць ад салідарнасці тых, хто застаўся на свабодзе.
- Дэмакратыя пачынаецца з пачуцця грамадзянскай адказнасці і з такога ўжо гістарчнага слова як салідарнасць. Не будзе салідарнасці, значыць мы яшчэ не гатовыя жыць у свабодзе. Я лічу, што сёння, незалежна ад нашых ідэалагічных поглядаў, ад розных падыходаў да стратэгіі і тактыкі, мы проста ўсе павінны праявіць салідарнасць з тымі людзьмі, што знаходзяцца там. Таму я заклікаю ўсіх, каму не ўсё роўна, прыйсці сёння ў 18 гадзін пад Акрэсціна і выказаць сваю салідарнасць з тымі, хто там знаходзяцца.
Па словах Мілінкевіча, акцыя, што пройдзе побач з турмой на Акрэсціна, будзе насіць выключна мірны характар. Аляксандр Мілінкевіч, Рыгор Кастусёў, Віктар Івашкевіч, Аляксей Янукевіч, Леў Марголін і Вячаслаў Сіўчык падпісалі таксама сумесную заяву з заклікам аб неадкладным вызваленні кандыдатаў у прэзідэнты і пераглядзе вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Такую ж заяву Рыгор Кастусёў перадасць сёння ў Цэнтральную выбарчую камісію.
Барыс Гарэцкі, Радыё Рацыя