|
|
У Гародні пачаўся міжнародны фестываль тэатраў лялек “Лялькі над Нёманам”. Тэатральныя калектывы ўдзельнікаў маюць выступіць на дзвюх сцэнічных пляцоўках: на малой сцэне драматычнага тэатра і ў самім тэатры лялек.
Галоўны рэжысёр гарадзенскіх лялечнікаў Алег Жугжда тлумачыць, чаму яго тэатр удзелу ў конкурсе не прымае.
- Гарадзенскі тэатр лялек апошнім часам шмат ездзіў. Літаральна ўчора мы вярнуліся з чарговага фестывалю, а пасля нашага фестывалю мусім адразу ехаць на два наступныя. Гэта вельмі стамляе. Тым больш тыя, што прыязджаюць, нас ужо бачылі, як і журы. Яны ўсе нас ведаюць. Таму мы вырашылі проста адпачыць, калі гэта можна так назваць.
Білеты на ўсе пастаноўкі амаль распрададзеныя. Дванаццаць тэатраў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі прадставяць свае спектаклі ў рамках першага Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек. Будзе толькі адзін спектакль па-беларуску ў выкананні Віцебскага тэатра “Лялька”.
Завяршыцца фэст тэатралаў 13 траўня.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня