Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Беластоку


Сёння ў Беластоку а 17-й гадзіне каля генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь запланаваная акцыя пратэсту, актывісты заклікаюць узяць з сабой бел-чырвона-белыя сцягі і белыя і чырвоныя свечкі.

"Беларусь сёння больш чым калі-небудзь патрабуе нашай падтрымкі і шчырай і сяброўскай дапамогі," -  так распачынаецца зварот людзей, якія вырашылі заарганізаваць акцыю пад генеральным консульствам Беларусі ў Беластоку. Адзін з арганізатараў акцыі Давід Франкевіч наведаў студыю Радыё Рацыя.

РР: - Чаму малады чалавек, які мог бы сённяшні вечар неяк цікава правесці з сябрамі, прыйдзе на акцыю салідарнасці з Беларуссю?

ДФ: - Просты адказ. Тое што мы бачым на Беларусі - гэта вялікая трагедыя. Беларусь у такія хвіліны не можа быць пакінута сам-насам. Мы хочам паказаць, што найбліжэйшыя суседзі палякі, беластачане, разам з беларусамі. Беларусы толькі выйшлі на вуліцы, каб паказаць сваё незадавальненне вынікамі выбараў, каб паказаць сваё незадавальненне сітуацыяй у краіне, - былі збітыя і арыштаваныя. Сёння а 17-ай гадзіне пад генеральным консульствам у Беластоку арнанізоўваем мы маніфестацыю. Мы хочам звярнуць увагу жыхароў Беластоку, усіх жыхараў Польшчы і грамадзянаў у Беларусі, што ў такіх сітуацыях беларусы могуць разлічваць на нас. Чакаем на ўсіх ахвотных, якія хацелі б далучыцца да нас. Будзем мы там разам. Выкажам салідарнасць з тымі людзьмі, якія былі рэпрэсаваныя ў Беларусі.

Гутарыў Зміцер Косцін.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя