Вітаем на абноўленым сайце Kamunikat.org

Бібліятэкар


Графічныя зьмены на нашым сайце зусім не абазначаюць, што Kamunikat.org стане іншым – характар бібліятэкі ды асноўныя яе вартасьці застаюцца тыя ж, а нават скажам больш – вартасьцяў гэтых прыбудзе. Адначасова са зьменай вонкавага выгляду будуць дададзеныя пэўныя магчымасьці і ў саму сыстэму, стане яна нашмат багацейшай, і – што найважнейшае – нашмат зручнейшай у карыстаньні. Кожны наведнік бібліятэкі без найменшага клопату адшукае ўсё, што захоча, напрыклад, ня толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і асобны яго артыкул, які схаваўся ў таўшчэзным зборніку, альбо часопісе.

Апрача кнігаў на паліцы бібліятэкі штораз часьцей трапляюць гукавыя запісы і відэафайлы. Тут знойдзеце і архіўныя запісы галасоў тых, каго ўжо няма з намі, і расповеды пра літаратуру, творчасьць і жыцьцё тых, хто плённа працуе на ніве беларушчыны.

Кожны аўтар, кнігі якога трапляюць на віртуальныя паліцы Kamunikat.org, мае магчымасьць атрымаць сваю пэрсанальную старонку, якая аўтаматычна можа быць таксама яго блогам. Тут наўпрост можна выказаць аўтару усё, што Вам падабаецца ці не падабаецца ў ягоных творах. Тут крытыкам можа быць кожны.

Свае старонкі-блогі маюць таксама выдавецтвы і выдавецкія серыі. І ў гэтым месцы можам даволі выказваць свае прапановы, задаваць пытаньні, ды патрабаваць, каб выдавецтва перавыдала напрыклад нашу любімую кнігу, якую мы чыталі ў дзяцінстве, а апошні папяровы экзэмпляр даўно зжэрлі пацукі. Іншае пытаньне – ці выдаўцы і выдавецтвы да нашых прапановаў і патрабаваньняў прыслухаюцца? Але ж як да іх інакш дагрукацца, як не праз Kamunikat.org?

Сёньня нармальнаму чалавеку, каб арыентавацца на выдавецкім рынку, трэба быць безпрацоўным вандроўнікам па кнігарнях, а і так усё адсачыць ня зможам, таму ўвесь час будзе пашырацца разьдзел “Што новага”. Трапіць там ня толькі інфармацыя пра тое, што ўжо выдадзена, але і пра тое, што яшчэ толькі рыхтуецца да друку, што марыцца выдаўцу, ці сьніцца па ночах нейкаму аўтару. Мы хочам, каб Вы, нашы шаноўныя чытачы, былі вялікі крок (а, можа, і некалькі вялікіх крокаў) наперад ў кожнай справе.

Што новага яшчэ? Шмат! :) Проста заходзьце да нас і ўсё пабачыце, усё знойдзеце, з усім пазнаёміцеся, і – спадзямся – застанецеся з намі, і як чытачы, і як аўтары, а ўжо напэўна, як крытыкі (самой бібліятэкі таксама).

Запрашаем!