|
|
У Беластоку пачынаецца фестываль памяці Яна Тарасевіча
У гонар беларускага педагога, піяніста і кампазітара з Саколкі. Заўтра ў Падляшскай Оперы і філармоніі пачынаецца фестываль імя Яна Тарасевіча. Гэта выдатны беларускі кампазітар і настаўнік, якому трэба аддаць памяць, - кажа дырэктар оперы Рабэрта Скальмоўскі.
- У жніўні 2011 года дырэктар Вап прынёс мне ноты з творамі Яна Тарасевіча. Некалькі дырыжораў пазнаёміліся з імі і пагадзіліся, што гэта вельмі добрая музыка. Прачытаў кнігу пра Тарасевіча, якая была выдадзена ў Беластоку. І я захапіўся гэтай асобай – і ягоны жыццяпіс адметны і справа, якую ён пасля сябе пакінуў, таксама адметная.
Доўгія гады Ян Тарасевіч быў забытым кампазітарам, памяць пра якога ад некалькіх гадоў вяртаецца ў гісторыю музыкі і культуры, - кажа старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства Алег Латышонак.
- Нарэшце мы зразумелі, каго мелі, – гэта самы выдатны музыка з Беласточчыны, і хаця б дзеля таго мы мусім і хочам яго ўспамінаць, хочам слухаць яго музыку - гэта для нас вялікі гонар.
У будынку Падляшскай оперы і філармоніі створаны куток памяці Яна Тарасевіча, у якім можам знайсці ягоныя асабістыя прадметы, фотаздымкі, карэспандэнцыю, ды піяніна. Куток памяці створаны як пастаянная экспазіцыя. Праграма фестывалю на нашым сайце.
Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя