Хведар Нюнька: Уся надзея на нашу моладзь

Хведар Нюнька: Уся надзея на нашу моладзь


Старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы Хведар Нюнька даў свае каментары адносна апошніх падзеяў у Мінску.

ХН: - Учора моладзь, студэнты арганізавалі пікет перад амбасадай. Я таксама там удзельнічаў. Гэта было спантанна. У Літве без папярэдняга дазволу можна збірацца групамі да 9 чалавек, але там сабралося каля 40 асобаў, са сцягамі, з плакатамі.

Дзень раней я сядзеў перад тэлевізарам амаль да ночы, калі гэтыя падзеі (у Мінску), калі гэтыя людзі ламіліся там у дзверы, усё здавалася як найлепш, але потым гэты фінал такі сумны, пасля ўжо і спаць не мог.

Наогул гэта антыбеларускі рэжым ад самага пачатку, калі ў 1995 годзе спецназаўцы ўварваліся ў Вярхоўны Савет і пабілі тады дэпутатаў 12-га склікання, і як бачым - нічога не памянялася з тае пары.

Я насамрэч лічу, што толькі замена Лукашэнкі можа ўнесці нейкія перамены. Еўропа, на жаль, падрыхтавалася прыняць яго з лібералізацыяй, з новым поглядам на палітыку, на самай справе гэты чалавек не памяняецца, ён ўжо такім і памрэ, таму я лічу, што павінен адбыцца ў свой час суд, які разгледзіць усе тыя злачынствы, якія былі здзейснены за гэтыя гады. Вельмі сумная гэтая падзея, але яна разам з тым спрычыняцца да хутчэйшай замены ўлады ў Беларусі.

Учора сярод студэнтаў быў адзін, які таксама прысутнічаў на Плошчы ў Мінску 19 снежня. На маё пытанне як ён тое перажываў, хлапец адказаў: “Я ўзняўся на прыступкі, паглядзеў на гэтую масу людзей, была запоўненая ўся плошча, і гэта было так прыемна, так уражвала, што дзеля аднаго таго моманту я гатовы ізноў паўтарыць усё”.

Так што моладзь у нас надзейная, здаровая, перспектыўная і за ёй будучыня. І я веру, што гэта добрая будучыня, каб наша Беларусь была сапраўды незалежнай, свабоднай, багатай, нармальнай цывілізаванай краінай.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя