У Варшаве адчыняецца выстава да 70-годзьдзя Хатынскай трагедыі

У Варшаве адчыняецца выстава да 70-годзьдзя Хатынскай трагедыі


Падчас адкрыцьця выставы адбудзецца першы паказ у Польшчы дакумэнальнага фільму “І будзе жыць Хатынь”.

У Культурным Цэнтры Беларусі ў Варшаве адчыняецца выстава прысьвечаная 70-годздзю хатынскай трагедыі.

Як распавёў Польскаму радыё дырэктар цэнтру Эдуард Швайко, выставу падрыхтавалі супрацоўнікі Мэмарыяльнага комплексу “Хатынь”. Гэта дзясяткі здымкаў, мапаў, храналягічнае апісаньне трагедыі і ўспаміны сьведкаў. Экспазыцыя распавядае ня толькі пра спаленую вёску Хатынь.

Э. Швайко: Падчас вайны нацысты спалілі ў Беларусі 628 вёсак, 100 зь іх ўжо ніколі не адрадзіліся. Хатынь стала сымбелам гэтай трагедыі нашага народу.

Падчас адкрыцьця выставы адбудзецца першы паказ у Польшчы дакумэнальнага фільму “І будзе жыць Хатынь”. Стужка-рэтраспэктыва была зьнятая “Беларускім відэацэнтрам” на аснове архіўных матэрыялаў па замове Мінкульту.
У цырымоніі адкрыцьця выставы возьмуць удзел польскія ветэраны ІІ сусьветнай вайны.

Экспазыцыя адкрытая для наведнікаў да канца траўня па адрасе: Centrum Kulturalne Białorusi, ul Królowej Marysieńki, 66.

Гістарычная даведка: Хатынь - былая вёска Лагойскага раёна Менскай вобласьці Беларусі - была зьнішчана нацыстамі 22 сакавіка 1943 года. У дзень трагедыі непадалёк ад Хатыні партызанамі была абстраляная нямецкая аўтакалёна і ў выніку нападу быў забіты нямецкі афіцэр. У адказ карнікі акружылі вёску, сагналі ўсіх жыхароў у хлеў і падпалілі яго, а тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. Загінулі 149 чалавек, зь іх 75 дзяцей ва ўзросьце да 16-ці гадоў. Вёска была разрабавана й спалена дашчэнту.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё