А. Галіцкі: Выбараў у Беларусі ў чарговы раз не было

А. Галіцкі: Выбараў у Беларусі ў чарговы раз не было


Увесь свет выказвае абурэнне жорсткім разгонам плошчы ў Мінску, арыштамі сотняў актывістаў.

Абурэнне фактам гвалту выказаў і старшыня сеймавай камісіі замежных справаў польскага Сейма Анджэй Галіцкі, які адзначыў што такой падзеі як арышты кандыдатаў у прэзідэнты – гэта вынаходніцтва Лукашэнкі.

Аналагу такіх падзеяў цяжка шукаць не толькі ў Еўропе, але і ў свеце, кажа Анджэй Галіцкі:

– Скандал, які не павінен мець месца і не можа быць прызнаны ні ў якім выпадку, які павінен быць кляймёны не толькі намі еўрапейцамі, але і цэлым светам. Гэта недапушчальна, непраўдападобна, тое, што сказаў прэзідэнт Лукашэнка на прэсавай канферэнцыі, будзіць засцярогу і неспакой, бо сказанае ім азначае, што гэты чалавек нічога не разумее.

РР: Аляксандр Лукашэнка сказаў на канферэнцыі, што тое, што адбылося на Плошчы, сталася ўжо пасля выбараў, таму ні Еўропу ні каго іншага не павінна тое цікавіць.

– У Беларусі не было выбараў, была свайго роду проба, якой быў падвергнуты рэжым Лукашэнкі, калі гаварыць пра даступнасць да СМІ, да абмену інфармацыяй і поглядамі з іншымі прадстаўнікамі беларускай грамадскасці, адрозных ад яго палітычнага фарміравання. І хаця былі зарэгістрыраваны некалькі кандыдатаў, якім не давалі прабіцца ў СМІ, і хаця маглі яны ствараць свае камітэты, відаць, што спроба завершылася паразай. Нават нельга сказаць, што былі гэта квазі-выбары. Проста выбараў у Беларусі ў чарговы раз не было!

Гутарка поўнасцю ў прыкладзеным аўдыёфайле.

Чакаецца, што заўтра камісія замежных справаў польскага Сейма прыме адмысловую заяву ў справе падзеяў у Беларусі. Не выключана, што будзе і рэзпалюцыя ўсяго польскага Сейма.

Гутарыла Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя