|
|
Русціс Камунтавічус прачытаў у Менску публічную лекцыю
Русціс Камунтавічус – дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага (Коўна), дацэнт Унівэрсытэта Вітаўта Вялікага (Коўна). Спадар Русціс шмат вандраваў па Беларусі, аглядаў помнікі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер ён разважае нетрадыцыйна, як на летувіскага гісторыка, -- прызнае, што ў Княстве беларусы адыгрывалі часам галоўную ролю, а часам – прынамсі ня меншую за літоўцаў ды палякаў. 2 траўня спадар Русціс прыехаў у Менск з публічнай лекцыяй “Чаму ў Летуве ВКЛ дагэтуль лічыцца літоўскай дзяржавай?”
Адзін з закідаў, які ён пачуў ад беларусаў – чаму ніводнага дакумэнта ВКЛ не захавалася па-летувіску? Сярод іншага, Русціс Камунтавічус адзначыў, што калі беларусы пачнуць яшчэ актыўней хінуцца да гісторыі ВКЛ, то гэта зблізіць іх з летувісамі і ў цэлым з Эўропай. Апавёў, што ня толькі шырокавядомы Наваградак, але і ўвогуле ўся Беларусь нагадвае й цяпер пра слаўнае мінулае Княства. Русціс Камунтавічус заклікаў спыніць баталіі на тэму, хто быў у ВКЛ галоўны – беларусы, літоўцы ці палякі. І галоўны аргумэнт гісторыка – што ў кожнай нацыі ўсё адно будзе свой гістарычны міт і свая вэрсія гісторыі.
Арцём Багданаў, Менск