|
|
"Берасце на старонках сямейных альбомаў" – такім праектам займаецца берасцейская краязнаўца, фатограф Таццяна Мухароўская. У калекцыі – прыватныя фотаздымкі жыхароў горада над Бугам пераважна польскіх і рускіх часоў, крыху менш – савецкіх.
Таццяна Мухароўская адзначыла, што ідэя пошуку фотаздымкаў прыйшла даволі выпадкова.
Таццяна Мухароўская: Ёсць такая кніга „Гарады Беларусі на старых паштоўках”. Яна яшчэ ў савецкі час была надрукаваная. Гэта даволі рэдкае выданне. Я гэтае выданне пабачыла ў бібліятэцы. І вось я гартала старонкі гэтай кнігі і ўбачыла нейкі знаёмы будынак. Напісана, што гэта жаночая гімназія. А потым я зразумела, што гэта кінатэатр „1 мая”. Шчыра кажучы, пасля ў мяне ўзнікла ідэя, чаму б не зрабіць тыя ж самыя здымкі прыкладна з той жа кропкі. Паўстала пытанне: а дзе ж знайсці гэтыя фотаздымкі? На той час я працавала ў краязнаўчым музеі і проста звярнулася да кіраўніцтва музея, каб мне далі магчымасць зрабіць копіі фотаздымкаў. Кіраўніцтва не пайшло мне насустрач. Сказалі, што гэта музейныя каштоўнасці і проста так іх даць не могуць. Я фатограф, таму адзінае, што я магла – пайсці да фатографаў. Мне параілі там некалькіх чалавек, у якіх мусяць быць старыя фотаздымкі. Я стала браць усё, што давалі. Я прыйшла да аднаго чалавека – мне далі некалькі фотаздымкаў. Я гэта адсканавала, запыталася, да каго яшчэ можна падысці. Карацей кажучы, мяне пачалі перанакіроўваць ад аднаго чалавека да іншага.
РР: Вашая калекцыя фотаздымкаў называецца “На старонках сямейных альбомаў”. А якім чынам можна знайсці гэтыя сямейныя альбомы?
Таццяна Мухароўская: Гэта і ёсць пошукі. То бок усе фотаздымкі, якія я бяру, мне людзі паказваюць, гэта іх сямейныя альбомы. Афіцыйных фотаздымкаў Берасця даволі мала. У рускім Берасці зусім не шмат было гэтых фотаздымкаў. Хоць кажуць, што да 200 штук у кагосьці было ў калекцыі менавіта рускага Берасця. У польскі час фатаграфавалі больш, але паколькі Берасце даволі часта пераходзіла з рук у рукі, шматлікія фотаздымкі нават з сямейных фотаальбомаў не захаваліся. Хоць часамі трапляюцца нават афіцыйныя паштоўкі. А так у Берасці было даволі шмат фотастудый, фатографы стаялі на вуліцах. Чалавек прыходзіў і браў або кантрольку, або раздрукоўваў фотаздымак. Пасля ён трапляў у сямейны альбом. Калі сямейны альбом не спалілі або не забралі, каб знайсці родных таго, каго забіралі за краты, тады гэтыя фотаздымкі захоўваліся.
РР: Якія фотаздымкі было цяжэй за ўсё знайсці?
Таццяна Мухароўская: Ёсць фотаздымкі, якія я дагэтуль не знайшла. Цяжэй за ўсё знайсці фотаздымкі савецкага часу, хоць нібы мусіць быць лягчэй. Сітуацыя такая: фатаграфія была рэччу дастаткова дарагой, з аднаго боку, а з другога - Берасце было памежным горадам, адпаведна адкрыта і шмат фатаграфаваць было нельга. Фотаздымкі, якія можна знайсці па старым Берасці, - гэта трэба ў архіў кіна- і фотадакументаў, але, наколькі я ведаю, нават там многіх фотаздымкаў проста няма. Самае складанае - сквер, які быў закладзены да фестывалю моладзі і студэнтаў, па-мойму, у 1953 годзе. Сквер быў там, дзе вуліца Арджанікідзэ, я яго вельмі добра памятаю, але фотаздымка няма.
РР: У вас ужо прайшло чатыры выставы ў межах гэтага праекта. Якой будзе наступная?
Таццяна Мухароўская: Я меркавала зрабіць у гэтым годзе Берасце рускае, а ў наступным годзе - Першую сусветную вайну. Але, на жаль, няма фінансавання. Тры выставы я правяла за ўласныя сродкі. У мінулым годзе я была на сустрэчы з Сумарам, ён мне выдзеліў грошай на выставу. У гэтым годзе я, напэўна, з выставай “пралятаю”, бо з ўласнымі сродкамі не вельмі, а дадатковае фінансаванне знайсці дастаткова цяжка. Частку гэтых фотаздымкаў можна паглядзець у мяне на сайце belretro.info. Думаю, што трэба пісаць кнігу. Сайт ёсць сайт: фотаздымкі могуць узяць і выкарыстаць, хоць я і спрабую нейкім чынам іх абараніць. Уласна кажучы, гаворка ідзе пра тое, каб стварыць кнігу.
Самы стары фотаздымак, што знайшла краязнаўца, датуецца 1905 годам. Частку калекцыі можна паглядзець на сайце belretro.info.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.