“Дотык да Менску” - незвычайная экскурсія па сталіцы

“Дотык да Менску” - незвычайная экскурсія па сталіцы


“Дотык да Менску” - першая экскурсія па сталіцы, якая дазволіць гледачам адчуць прыгажосць горада па-новаму.

Па словах каардынатара адмысловага праекта Людмілы Скрадаль, людзі змогуць па-іншаму паглядзець на славутасці Менску.

У першай эксперыментальнай экскурсіі ўзялі ўдзел двое менчукоў. З завязанымі вачыма яны даследавалі сталіцу ад катэдры да гарадской ратушы, кажа каардынатар праекта Людміла Скрадаль:

- На мой погляд, цяпер людзі трохі па-іншаму паставяцца да ратушы, бо яны дакрануліся да яе душой. Яны з ёй правялі гадзіну, а вы дзе-небудзь бачылі, каб людзі маглі прастаяць побач з будынкам гадзіну, памацаць яго, адчуць, падыхаць гэтым водарам, паслухаць гукі. Гэта неверагодна нават для мяне, як для экскурсавода, гэта насамрэч неверагоднае адчуванне. Людзі бачаць, адчуваюць Менск па-іншаму, гэта любоў да Радзімы, вось яна прыгажуня.  

Праект “Дотык да Менску” быў створаны для невідучых людзей, якія не могуць пазнаёміцца са славутасцямі горада візуальна з дапамогай макета ці барэльефа архітэктурных помнікаў сталіцы. Каардынатары праекта прапануюць падобныя экскурсіі ўсім, хто захоча адчуць знаёмыя месцы па іншаму.

Вольга Чарных, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя