У Гародні прэзентавалі “Уводзіны ў археалогію”

У Гародні прэзентавалі “Уводзіны ў археалогію”


Выйшла грунтоўная кніга па археалогіі менскага навукоўца, даследчыка старажытных Віцебска, Слуцка ды Капыля Леаніда Калядзінскага.

Першая прэзентацыя кніжкі прайшла ў гарадзенскім Музеі гісторыі рэлігіі. Здзейсніла выданне кнігі “Уводзіны ў археалогію” гарадзенскае выдавецтва “Юрса-прынт”. Як кажа аўтар, над сваёй манаграфіяй ён працаваў амаль 10 год, выкладаючы студэнтам менскіх ВНУ.

- Паглядзеў, што тая частка, якая прэзентуецца ў кнізе, а менавіта – уводзіны ў археалогію, найменш даводзіцца да студэнтаў. Менавіта гэтую частку яны найменш і найгорш ведаюць. Таму я вырашыў надаць ёй больш увагі. У прыватнасці, што такое помнікі археалогіі, для чаго яны даследуюцца і ўвогуле, для чаго патрэбна археалогія. Вось у гэтай кнізе ў сціслай форме з прыгожымі, каляровымі ілюстрацыямі яно і адлюстравана.

Кніжка, спадзяецца навукоўца, стане карысным дадаткам для будучых археолагаў і аматараў археалогіі. Яна мае рэкамендацыі кафедры археалогіі БДУ, як дапаможнік для студэнтаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя