|
|
Прысвечаная самым блізкім людзям — матулі і дочкам, кніга з’яўляецца спавядальна-справаздачнай і раскрывае перад намі тонкі сусвет духоўнай прасторы аўтара, раскрывае суплёт думак і памкненняў, скіраваных да адвечных пытанняў — самаўдасканалення, спасціжэння свету, пошуку свайго месца ў ім.
Кніга мае шэраг раздзелаў: “На ўлонні вясны”, “Верлібры з пэндзлем у руцэ”, “Мацярынскае слова”, “Гаркавы водар хрызантэм”.
У першым раздзеле Святлана Раманава сярод іншага звяртаецца да ўспамінаў дзяцінства, да вобразаў родных – бацькі, матулі, бабулі. З дапамогаю палкага паэтычнага радка спадарыня Раманава шчыра прызнаецца ў сваіх глыбокіх і моцных пачуццях:
Ў маім сэрцы начуюць мроі –
Знітаванае голле? Карэнне? –
Што няспынна душу вярэдзяць
Безнадзейнай нязводнаю жарсцю,
Запаветнай горкай любоўю.
Асобнае месца займае тэма радзімы – ёй прысвечаныя вершы “Беларусь”, “Водар дзяцінства”, “Чачэрская ратуша”.
Раздзел “Верлібры з пэндзлем у руцэ” раскрывае нам таямніцы бачання свету вачыма не толькі паэткі, але і мастачкі Святланы Раманавай:
О, водар алейнай фарбы,
Боскі нектар жывапісца,
маёй прысутнасці свята,
дыхання майго святліца!
Цікавымі і адметнымі падаюцца ўкладзеныя ў кнігу вершы-прысвячэнні: Сяргею Плыткевічу, Анатолю Сысу, Леаніду Шчамялёву, Міхалу Савіцкаму, Марыі Ісаёнак, Яўгену Шунейку і іншым далёкім і блізкім, сябрам па духу і творчасці, з якімі лёс звёў паэтку:
Ткуцца палотны жыцця
з сустрэч выпадковых
і невыпадковага лёсу,
з сонечных шчырых пялёсткаў,
з думак наіўных і чыстых,
з цяжкіх і радасных слёзак.
Дарэчы, наконт “слёзак” — адзначу, што нягледзячы на тужлівыя і сумныя матывы, якія пракідаюцца ў некаторых творах, агульным лейтматывам паэзіі Святланы Раманавай з’яўляецца ўсё ж аптымізм і жыццядайны пазітыў. У вершах “Быць!”, “Жыцця!”, “Добрай раніцы!” спадарыня Раманава напоўніцу раскрывае менавіта такое бачанне і свету:
Вясну кліча сінічка настойліва.
Снег асеў, лёд трашчыць, капяжы.
Добрай раніцы, наваколейка!
Жыць –
як верш ствараць.
Будзем жыць!
Раманава, С. Смарагдавы рай: паэзія. Мінск: Кнігазбор, 2013.
Усевалад Сцебурака, для lit-bel.org